Художественный руководитель Купаловского театра Николай Пинигин через спектакли старается передать историю народа

«Калі ў пошуку пануе любоў, усё ўдаецца»

Цалкам аддавацца спектаклю, бачыць у акцёрах вялікую і моцную каманду, умець зацікавіць, а не прымусіць, — пра гэта расказвае мастацкі кіраўнік і галоўны рэжысёр Купалаўскага тэатра Мікола ПІНІГІН. У яго творчым багажы 75 пастановак — драм, камедый, трагедый і нават дзве оперы. Спрабаваў сябе Мікола Мікалаевіч і ў акцёрскім амплуа, аднак пераканаўся, што не ягонае. Рэжысёрская адукацыя прыводзіць да самакрытыкі, не дае задаволіцца ўласнай ігрой. Аднак добры кіраўнік павінен ведаць творчы працэс знутры.


— Выконваў нават галоўныя ролі. Адна з такіх — у трагедыі класіка венгерскай драматургіі Імрэ Мадача. Вазілі гэты спектакль у Венгрыю, на тыя савецкія часы гэты аўтар там быў забаронены як буржуазны. Усё роўна, каб у Савецкім Саюзе паказалі «Майстра і Маргарыту» Булгакава. Іграў і ў масоўцы, але з часам пераканаўся, што маё — ставіць спектаклі, — разважае Мікола Пінігін.

35 ГАДОЎ ён гэтым займаецца. Вучыўся на тэлевізійнага рэжысёра і пачынаў ім у літаратурна-драматычнай рэдакцыі тэлебачання, дзе раней здымаліся фільмы-спектаклі. Але маладому супрацоўніку прыйшлося рабіць перадачу «Пісьменнік і пяцігодка» са справаздачамі творцаў.

— Нягледзячы на тэлевізійны вопыт, вабіла сцэна, таму з удзячнасцю прыняў прапанову Барыса Луцэнкі, які запрасіў артыстам у Рускі тэатр. Там і пачалася мая спроба самастойных пастановак, потым вышэйшыя рэжысёрскія курсы ў Маскве і запрашэнне ў Купалаўскі, — гартае ў памяці біяграфію Мікола Пінігін.

Вылучыць свой лепшы спектакль? Не, гэта немагчыма. У кожны з іх укладзены сілы і душа, і бадай кожны звязаны з патрабаваннямі часу — сёння ён можа быць зверхактуальным і найлепшым, праз колькі год — непрыдатным. Для пацвярджэння дастаткова параўнаць дакамп’ютарную і сучасную эпохі — гэта як неба і зямля. Добрая ж прымаўка на гэты конт — дарагая лыжка да абеду. Вечная хіба што толькі класіка, разважае рэжысёр:

— Напрыклад, п’еса «Тутэйшыя», пастаўленая ў 1990 годзе. На ЦК вісеў чырвоны сцяг Савецкага Саюза, потым — Беларусі. Людзі цікавіліся, што пра змену ўлады і прыстасаванства думаў Купала, такім шырокай публіцы ён быў невядомы. Да стагоддзя нашага тэатра, якое сёлета адзначаем, вырашыў ставіць «Тутэйшых», але крыху па-іншаму. Помніцца, Ніл Гілевіч абдымаў мяне: «Хлопчык, ты сам не ведаеш, што зрабіў!» У шэрагу вечных — «Паўлінка», зробленая купалаўцамі ў эвакуацыі ў Томску ў 1944 годзе. Мяняюцца артысты, аднак версія адна і тая ж. І збірае аншлагі, бо ў творы беларуская душа.



Сучасная літаратура таксама ў рэпертуары Купалаўскага. «Радзіва. Прудок» па Горвату альбо «Ураджай» Пражко. Што адна, што другая — пра цяперашнія рэаліі. Напрык­лад, ва «Ураджаі» студэнты-першакурснікі прыехалі ў калгас збіраць яблыкі, але як рабіць гэта, не ведаюць і бясконца гугляць. Урэшце, зламалі дрэва, бо не маглі да яго дацягнуцца. Акрамя гаджэтаў, гэтыя маладыя камп’ютарныя асобы зусім не ведаюць жыцця. 

— Думаеце, народ ахвотней ідзе на камедыю, бо стаміўся ад сур’ёзнасці? Не зусім. Зараз паставілі трагедыю «Кароль Лір». І для тых, хто любіць тэатр, ведае літаратуру, гэта важна, бо нас і так бясконца забаўляюць на ўсіх каналах, у інтэрнэце, — разглядае афішу Пінігін.

Што яшчэ паказвае Купалаўскі? «Ноч на Каляды», «Местачковае кабарэ» пра кабарэ на заходнебеларускіх землях да Другой сусветнай вайны, «Рэвізор», «Пінская шляхта», «Шляхціч Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», «Школа падаткаплацельшчыкаў», дзе галоўны герой адкрыў школу па пазбяганні ад падаткаў. Перастаўлена ўся беларускамоўная класіка, у тым ліку «Сымон-музыка» Я. Коласа, «Людзі на балоце» І. Мележа, «Вечар» А. Дударава, «Ідылія» бацькі беларускага тэатра В. Дуніна-Марцінкевіча. Нават «Рэвізор» М. Гогаля займеў нацыянальны каларыт дзякуючы адметнай трасянцы, якую ўжываюць чыноўнікі.

— Як ацэньваеце айчыннае тэатральнае жыццё, купалаўскую трупу? 

— За ўсіх не скажу, але пасля рэканструкцыі мы абсалютна еўрапейскі тэатр, маем цудоўную святлогукавую тэхніку. Ад самага стварэння — 1920 года — у нас наймацнейшыя ў краіне артысты. І асаблівая атмасфера, якая цалкам адпавядае ментальнасці беларусаў. Ва ўсе часы калясім па гастролях, цяпер гэты працэс паскорыўся дзякуючы новаму дырэктару Паўлу Латушку, у якога праз дыпламатычную місію захаваліся многія сувязі і кантакты. 

ГЛЯДАЧ спяшаецца да сцэнічных падмосткаў, каб перажыць радасці і праб­лемы герояў. Зала запаўняецца практычна на 98 працэнтаў, гэты паказчык сведчыць не толькі пра таленавітасць артыстаў і зацікаўленасць публікі, але і пра фінансы, якія зарабляе Купалаўскі. Тым не менш квіткі акупляюць толькі палову яго выдаткаў, усе астатнія патрэбы бярэ на сябе дзяржава.

— У Пецярбурзе на зорак квіток каштуе да 300 долараў. Такога дазволіць сабе не можам, бо наша аўдыторыя ў тым ліку студэнты і людзі сталага ўзросту, — разважае Мікола Пінігін.



Невыпадкова ён прыводзіць у прыклад паўночную расійскую сталіцу, бо 12 гадоў там жыў і працаваў. Пра гэты час адгукаецца прыязна, там пачарпнуў багата вопыту і — самае галоўнае — ментальна адчуў сябе беларусам. Мастацкі кіраўнік Кірыл Лаўроў запрасіў папрацаваць у адзін з найлепшых расійскіх тэатраў. Там цэхі, вытворчасць, сапраўдны завод па выпуску спектакляў, дзе ўсё наладжана, як швейцарскі гадзіннік. Але атмасфера куды халаднейшая, чым у Беларусі.

Засумаваўшы па роднай краіне, Мікола Пінігін на Ушаччыне набыў сабе невялікі дом і ездзіў туды рыбачыць. Пяць азёр у адной вёсцы — сапраўдны рай. У прыгожым, але чужым Пецярбурзе ён адчуў моцную еднасць з нашым народам і праз 12 гадоў, калі яго паклікалі мастацкім кіраўніком у Купалаўскі, нават не раздумваў.

Апрача рэпетыцый і творчага пошуку з калегамі, Мікола Пінігін 20 гадоў выкладаў студэнтам азы тэатральнага майстэрства ў акадэміі мастацтваў, быў прафесарам кафед­ры, рыхтаваў рэжысёраў. Як ацэньвае сваіх пераемнікаў? На жаль, кажа, мала чытаюць, а кнігі развіваюць фантазію, густ і даюць разу­менне пра добрую і дрэнную літаратуру. Тым не менш пераважная большасць маладых людзей працаваць у тэатр ідуць па закліканні.

Мікола Пінігін таксама выбраў прафесію па ўнутраных перакананнях, пераняў справу бацькоў, якія сталі першымі рэжысёрамі беларускага тэлебачання. Узяў ад іх і любоў да зямлі, якая не здраджвае:

— Мы ж, рэжысёры, балбочам увесь час. Не памыляўся акадэмік Паўлаў: асоба паўнавартасна развіваецца, калі ў творчым працэсе задзейнічаны галава і рукі. Ружу вырасціць, зладзіць альтанку — усё гэта бачна навідавоку і зараджае энергіяй, якая дапамагае ў паўсядзённасці, у тым ліку і на рэпетыцыях. Рэжысёр — цяжкая і дзіўная прафесія, дзе адначасова трэба быць мяккім, пяшчотным і жорсткім. Ён вядзе людзей і напачатку не ведае куды, але цалкам упэўнены ў кожным кроку. Гэта ж творчы пошук, і калі ў ім пануе любоў — усё ўдасца.

ТЭАТР народжаны, каб зацікавіць і здзівіць, навучыць высокаму, прыгожаму, вечнаму, раскрыць гісторыю краіны. Са сцэны гэта зрабіць куды прасцей, чым з падручнікаў. Напрыклад, мала хто падрабязна знаёмы з паэмай «Пан Тадэвуш» паводле Адама Міцкевіча. Аднак з першых ухвальных слоў «О Літва, айчызна мая» і паляк, і беларус разумеюць, што калісьці ў іх была адзіная дзяржава, далей гаворыцца пра Вілейку, Вільню, Навагрудак, Мінск, якія ў яе ўваходзілі.

Кожная беларуская класічная пастаноўка мае пад сабой звяз традыцый, нораваў і памкненняў. Тая ж «Пінская шляхта», дзе зняважна лупцуюць прывілеяванае саслоўе. Знявага не ў тым, што б’юць, а што робяць гэта, не падаслаўшы дыван. Альбо шляхецкая гісторыя «Паўлінкі», дзе для яе заможных па тых мерках бацькоў важна не так багацце, як рызыка і фанабэрыя жаніха Адольфа Быкоўскага. І так ва ўсім — тэатр не толькі забава, ён дае адчуванне сапраўднай гісторыі. Захаваць яе, адчуць, перадаць — у тым і прадвызначэнне купалаўцаў.

basikirskaya@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter