Начальнік цэха жывёлагадоўлі філіяла «Пяцігор'е» ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі» Святлана Губарава: «Добрым словам імкнуся дакрануцца да душы чалавека»

Працоўную дзейнасць выпускніца Клімавіцкага саўгаса-тэхнікума Святлана ГУБАРАВА пачынала ветфельчарам у чэрыкаўскім калгасе «Бальшавік». Выйшла замуж за мясцовага трактарыста Сяргея Губарава, маладая сям'я пераехала на Міншчыну. Атабарыліся ў дзяржынскім калгасе імя Леніна. Святлана Барысаўна стала працаваць ветфельчарам, а пасля рэарганізацыі гаспадаркі ў філіял «Пяцігор'е» ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі» ўзначаліла жывёлагадоўчы цэх. Па вытворчасці малака сельгаспрадпрыемства — адно з найбольш буйных у цэнтральнай вобласці. Штодзённа для перапрацоўкі на Мінскі малаказавод № 1 адпраўляецца звыш 60 тон прадукту. Сярэднегадавы надой малака ад кожнай з 2774 кароў набліжаецца да 8700 кілаграмаў, звыш 97 працэнтаў яго рэалізуецца класам экстра. У эфектыўнай рабоце галіны значная заслуга і кіраўніка цэха жывёлагадоўлі. 

За шматгадовую плённую працу, значны асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў начальнік цэха жывёлагадоўлі філіяла «Пяцігор'е» ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі» Святлана Губарава адзначана ордэнам Пашаны. У арсенале дзяржаўных узнагарод і медаль «За працоўныя заслугі». Адзначалася ганаровымі граматамі Мінсельгасхарча, Мінскага аблвыканкама, уладальнік ганаровага звання «Чалавек года». Партрэт перадавога жывёлавода неаднаразова ўпрыгожваў раённую Дошку гонару.


Чым бліжэй да лета, тым больш кароткія ночы. Не паспее стомленае за доўгі дзень сонца схавацца за даляглядам, а праз нейкі час-другі ў небе світальныя зоры абвяшчаюць золак. Асабісты рытм жыцця выпрацавала за дзесяцігоддзі кіравання цэхам жывёлагадоўлі філіяла «Пяцігор'е» ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі» Святлана Губарава. Звычайна пасля завяршэння вячэрняй дойкі яна апошняй ад'язджае на сваім легкавіку з малочнатаварнага комплексу «Забалацце» і першай сустракае тут раніцу. І так круглы год. З дзяцінства ў яе характары выпрацавана адказнасць за даручаную справу. З двух гадоў расла без бацькі. Маці даіла калгасных кароў, адна падымала на ногі чацвёра дзяцей. 

Памятае Святлана Барысаўна, як дашкольніцай на світанку крочылі са старэйшай сястрой Галінай і матуляй на калгасную ферму. Раздавалі каровам кармы, уручную даілі. Малако з даёнак пералівалі ў бітоны. Нялёгкая справа і раздой першацёлак. Дочкі дапамагалі маці на ферме. А колькі радасці ў дзяўчынак выклікала з'яўленне цялятак! Забаўна прыдумвалі ім мянушкі. Кожны закавулак на ферме быў знаёмы. І пасля заняткаў у школе сёстры спяшаліся ў кароўнік, каб падсобіць маці ўправіцца з дойнай групай кароў. 

Калі прыйшоў час жыццёвага выбару, Святлана без вагання вырашыла стаць прафесійным жывёлаводам. Вучыцца ў Клімавіцкім саўгасе-тэхнікуме ёй было цікава. Практычныя заняткі па спецыяльных прадметах ладзіліся на вучэбнай ферме. З дыпломам ветфельчара вярнулася ў родную чэрыкаўскую гаспадарку «Бальшавік» і стала працаваць па спецыяльнасці. А маці Соф'я Іванаўна засвоіла прафесію асемянатара кароў. Пасля працоўнага дня разам вярталіся дамоў, упраўляліся па хатняй гаспадарцы. Вечарамі моладзь збіралася ў калгасны клуб, што на цэнтральнай сядзібе гаспадаркі ў вёсцы Зоры. Многія дзяўчаты працавалі ў жывёлагадоўлі. Шмат юных было і ў атра­дзе механізатараў. Выконваў абавязкі трактарыста пасля службы ў арміі Сяргей Губараў. З суседняй вёскі Латышчына ён з сябрамі наведваўся ў клуб на танцы. Прыглянулася яму бялявая Святлана. Сустракаліся, а потым згулялі вяселле. 

— Бабуля Адарка і маці благаславілі нас на шлюб, — дзеліцца ўспамінамі Святлана Губарава. — Да Сяргея яны ставіліся як да роднага сына, і мяне бацькі жаніха шчыра прынялі. Настройваліся жыць у родных мясцінах, але чарнобыльская трагедыя парушыла задумы. Радыеактыўная хмара накрыла нашу мясцовасць, небяспечна было там заставацца з малымі дзецьмі. Пасля нараджэння першынца пераехалі на Міншчыну. Сваякі мужа, што жылі непадалёку ад сталіцы, дапамаглі нам уладкавацца ў прыгараднай вёсцы Станькава. Сяргей сеў за руль калгаснага трактара, і мне знайшлася справа па спецыяльнасці на жывёлагадоўчай ферме. Працавала ветфельчарам, а пасля рэфарміравання калгаса ў філіял «Пяцігор'е» ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі» ўзначаліла цэх жывёлагадоўлі. Ад гаспадаркі атрымалі дом, прыватызавалі яго. Выраслі сыны Дзмітрый і Дзяніс, у іх ужо свае сем'і. Падрастае чацвёра ўнукаў. 

— Які жыццёвы шлях абралі сыны?

— Старэйшага Дзмітрыя больш цікавіць тэхніка, а малодшы Дзяніс скончыў Беларускую дзяржветакадэмію і працуе ветурачом-гінеколагам у нашай гаспадарцы. Прывёз з Віцебска і жонку Марыну. Яны на адным курсе вучыліся. Наша сямейная дынастыя жывёлаводаў мае працяг. Час пакажа, кім стануць унукі. Галоўнае, каб знайшлі свой шлях у жыцці. Імкнёмся і іх прызвычайваць да працы. Раней на сваім падворку трымалі кароўку, парасят, курэй. Дзеці выраслі, і адпала неабходнасць займацца ўласнай гаспадаркай. У магазінах вялікі выбар розных прадуктаў. Гадуем толькі курэй і качак.

— У вашым падпарад­каванні вялікі калектыў пра­цаўнікоў?

— У гаспадарцы некалькі ферм і буйны малочнатаварны комплекс «Забалацце». Ёсць і два прасторныя па-сучаснаму абсталяваныя кароўнікі на 2000 галоў. Плануем праз два месяцы запоўніць іх маладняком. Паўтысячы нецеляў ужо выгадавалі. Усяго на нашых фермах 9600 галоў буйной рагатай жывёлы. Амаль паўсотні працаўнікоў і спецыялістаў абслугоўваюць статак. Мая задача — скаардынаваць працу кожнага, каб жывёла была дагледжана, накормлена. Калі ўсё рытмічна дзейнічае, то і добры вынік атрымліваецца. Большую частку бюджэту гаспадаркі складаюць сродкі, атрыманыя за рэалізацыю малака і ялавічыны. 

Развіццю жывёлагадоўлі вялікую ўвагу надае наш дырэктар Пятро Ярыжанец. Па адукацыі ён ветурач і добра разбіраецца ва ўсіх тэхналагічных тонкасцях галіны. Падкрэслівае, што яе паспяховая дзейнасць дазваляе гаспадарцы развівацца, садзейнічае паляпшэнню дабрабыту працаўнікоў. Сярэднямесячны заробак жывёлаводаў перавысіў 2000 рублёў. Кожнаму ў калектыве гарантаваны сацыяльны пакет. За ўласныя сродкі гаспадаркі будуецца жыллё. Нядаўна 24 сям'і справілі наваселле ў двух шматкватэрных дамах. На цэнтральнай сядзібе — у аграгарадку Забалацце — створаны ўсе спрыяльныя ўмовы для паўнацэннага жыцця.

— Святлана Барысаўна, ваша шматгадовая праца адзначана ордэнам Пашаны. Высокая дзяржаўная ўзнагарода…

— Шчыра кажучы, не чакала такой высокай ацэнкі маёй працы і не спадзявалася атрымаць запрашэнне ў сталіцу. Для мяне гэта падзея запомніцца назаўсёды. Уразіла ўрачыстасць у Палацы Незалежнасці, куды былі запрошаны прадстаўнікі з розных рэгіёнаў рэспублікі. Мяне ахапіла хваляванне, калі паклікалі на сцэну. Прэзідэнт паціснуў руку, уручыў ордэн і шчыра пажадаў здароўя, новых працоўных здзяйсненняў. У горле перасохла, ледзьве прамовіла словы падзякі. А потым супакоілася, на сэрцы стала лёгка. Пасля цырымоніі ўзнагароджвання нас запрасілі за святочны стол, быў цудоўны канцэрт. Вярнулася дамоў позна. Муж павіншаваў, тэлефанавалі дзеці, унукі, родныя. Нават сваякі з Расіі. Яны па тэлевізары бачылі, як мне ўручалі ўзнагароду. Прыемна было адчуваць увагу да сябе. 

Канешне, да такога прызнання на дзяржаўным узроўні трэба было прайсці няпросты шлях: з раніцы да вечара па жывёлагадоўчых памяшканнях, вялікая адказнасць за дзейнасць калектыву. Чамусьці мімаволі прыгадаўся далёкі эпізод з дзяцінства. З маці прыйшлі на лугавіну, дзе пасвіўся калгасны статак. Кароўка Лыска адразу кінулася да мяне і так аддана гля­дзела ў вочы. Гадавала яе з цялятка. І такіх шчымлівых момантаў было шмат.

— Багаты практычны вопыт працы ў галіне жывёлагадоўлі. А бывае так, што ваша рашэнне не супадае з пунктам гледжання дырэктара? Як тады паступаеце? 

— Такія моманты вельмі рэдкія. Часам іду на рызыку, але яна абгрунтаваная практычным вопытам. І ўсё роўна хвалююся, каб задуманае атрымалася. Пятро Пятровіч Ярыжанец умее цаніць чалавека за адданасць справе. Старанных у калектыве ён гатовы заахвочваць па самай высокай шкале. І людзі адгукаюцца на яго ўвагу. Вось і вынікі радуюць. 

За гады працы ў жывёлагадоўлі рознае здаралася. Складана было ўтрымаць на ўзроўні вытворчыя паказчыкі пасля пазалеташняй моцнай засухі. Калі раней штогадова прадавалі іншым гаспадаркам сянаж, сілас, то тут самім не ставала кармоў. Наш статак на круглагадовым стойлавым утрыманні. А яшчэ і страхавы запас трэба мець. Важна, каб і якасць фуражу вытрымлівалася. У дырэктара філіяла ўсё на кантролі. Пастаянна з лабараторыі атрымліваем вынікі аналізу кармоў. Калі заўважаем, што чагосьці ў іх саставе не хапае, прымаем рашэнне, як кампенсаваць. Зараз, каб была на ўзроўні прадукцыйнасць статка, выдаём дадаткова кожнай карове па два кілаграмы кукурузнай мукі. На малочнатаварным комплексе «Забалацце» сутачны надой ад рагулі прыкладна 30 кілаграмаў малака, на іншых фермах трохі менш.

— У вашым стылі кіравання падначаленымі што пераважае: цёплае слова ці строгасць?

— Больш часта выкарыстоўваю добрае слова, імкнуся дакрануцца да душы чалавека. Улічваю, што ў кожнага свой нораў. Аднаму скажаш спакойна, і ўсё атрымаецца, а на іншага вымушана павысіць голас. Не люблю, калі і са мною размаўляюць на павышаных тонах. Прыгадваю, як былы дырэктар Алена Мікалаеўна Брыкальская ветліва звярталася да падначаленых. І людзі яе не падводзілі. На ўсё трэба мець цярпенне.

— Жывёлаводу трэба рана ўставаць. Для вас складана штодзённа недасыпаць?

— Чалавек да ўсяго прызвычайваецца. Без будзільніка штораніцы ў чатыры гадзіны ўжо на нагах. На кухні нейкі час баўлю і выязджаю на жывёлагадоўчы комплекс. На пачатку шостай гадзіны пачынаем дойку, а там і іншыя клопаты. Акрамя кармлення, догляду і даення кароў, яшчэ трэба і дакументацыю весці, падтрымліваць парадак у жывёлагадоўчых памяшканнях і на падворку, сачыць за якасцю кармоў. Увечары, калі вяртаюся дамоў, абавязкова яшчэ зазірну ў камп'ютар, каб не было накладак. Днём іншых спраў хапае. Даю сабе загад, каб заснуць, а думкі не сціхаюць. Так, напэўна, ва ўсіх, хто адказна ставіцца да працы.

— Што для вас самае прыемнае ў справе?

— У вольную хвіліну спакойна прайсціся каля кароў ці цялятак. З малых гадоў люблю жывёлу. Часам бачу па маніторы, як нашы працаўнікі не могуць загнаць рагуль на дойку, іду на выручку. Падыду да непаслухмянай жывёліны са словамі: «Ідзі, мая харошая». І яна пакорліва адпраўляецца за статкам. Да мяне звяртаюцца, каб адкрыла таямніцы адносін да падапечных. Сакрэт просты: трэба любіць іх. У маладыя гады працавала на МТФ у суседняй вёсцы Крысава. Калі трэба было статак пераганяць на другую ферму, то крочыла наперадзе, а ўся жывёла гужам за мною. І пастухі не спатрэбіліся. Дзве кароўкі, як толькі з'яўлюся каля іх статка, ходзяць услед. На маіх вачах яны з цялятак выраслі, расцяліліся. Як толькі ўбачаць мяне, адразу падыходзяць. Жывёла адчувае адносіны чалавека да сябе. На ферме ў Станькаве было 450 кароў і 360 цялушак. Кожную ведала па мянушцы. А на новым МТК некалькі тысяч кароў, і ў кожнай на вушах бірка з нумарам. Мяне бянтэжыць, калі хто крычыць на іх. З прыемнасцю назіраю, як цялятніца Любоў Залуцкая лагодна да маладняку ставіцца. Даручаную справу трэба душой любіць, інакш і быць не можа.

— Калектыў жывёлаводаў аб­наўляецца выпускнікамі сярэд­ніх і вышэйшых навучальных аграрных устаноў. Як яны спраў­ляюцца з працай?

— Праблема ва ўсіх адна — мала практычнага вопыту ў набытай спецыяльнасці. Трэба ў вучэбным працэсе больш увагі надаваць практычным заняткам. Па размеркаванні прый­шла да нас выпускніца Беларускай дзяржветакадэміі Таццяна Трус. Прыемна адзначыць, што яна адразу заўзята ўзялася за справу. Унікае ў вытворчы працэс, не саромеецца спытаць, чаго не ведае. 

Некалі мы з маці ўручную даілі кароў, асабліва цяжка было раздойваць першацёлак. Ледзьве не плакала, але не адступала. Зараз працаваць аператарам машыннага даення кароў адно задавальненне: не трэба ні сена цягаць у кармушкі, ні бітоны з малаком насіць. Усё аўтаматызавана — толькі паспявай кіраваць працэсам. Трэба дасканала ведаць тэхналогію. Здараецца, што некаторыя не прытрымліваюцца яе. Па ўсіх памяшканнях усталяваны відэакамеры. Пасля завяршэння дойкі камп'ютар выдаў зніжэнне валавога надою на паўтоны. Перагледзела запіс камер назірання і выявіла, што не ўсе каровы прайшлі праз дойку. Паказала дзяжурнаму аператару машыннага даення гэты відэазапіс. Яна, убачыўшы зафіксаванае парушэнне, стала прасіць прабачэння. 

— Не кожнаму можна даверыць гэту важную справу — даіць кароў. Чалавеку трэба ведаць асаблівасці тэхналогіі. Хапае на вашых фермах такіх працаўнікоў?

— Пастаянна клапоцімся, каб была маладая змена. Навічкоў прымацоўваем да вопытных працаўнікоў, каб засвойвалі прафесію. На жаль, у сярэдніх спецыяльных навучальных аграрных установах мала рыхтуюць аператараў для сучасных МТК. Да нас яны не даязджаюць. Няблага было б у сельскіх школах аднавіць падрыхтоўку жывёлаводаў. 

— Якой бачыце будучыню гаспадаркі?

— З уводам новых тыпавых памяшканняў павялічыцца дойны статак, а значыць, валавая вытворчасць малака. Завершана абсталяванне даільнай залы з каруселлю на 50 кароў. З дапамогай спецыяльнай устаноўкі жыжа будзе абязво­джвацца, абеззаражвацца, і атрыманая маса пойдзе на падсцілку жывёле. Каровы будуць стаяць не на бетонным пакрыцці, што паспрыяе іх здароўю. Ёсць і прыстасаванне для імгненнага ахалоджвання малака. На перспектыву ў нас усе фермы плануецца так абсталяваць. Хутка пачнём даваць жывёле зялёную масу. Трэці год так робім і маем станоўчы эфект.

— Хто ваш кумір?

— Мне пашчасціла на свякроў і свёкра. Са мною яны былі як родныя, за дачку мяне прынялі ў сваю сям'ю. Разам на лузе сена нарыхтоўвалі, бульбу капалі, агарод упраўлялі. Такім працавітым і бацькі майго мужа выхавалі. Для мяне яны на ўсё жыццё прыклад сапраўдных гаспадароў.

— Надыходзячы май у народзе называюць месяцам летуценняў. Аб чым вы марыце?

— Каб над намі заставалася мірнае неба. Не магу раўнадушна адносіцца да падзей ва Украіне. Напэўна, не толькі мая мара, а ўсіх маці, каб нашы дзеці, унукі жылі ў спакойнай краіне.
Мне пашчасціла слухаць у Палацы Рэспублікі пасланне Прэзідэнта да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. Сэрца краналі яго словы, што менавіта адзінства давала нам сілы для перамогі над ворагам і абставінамі. Асобна спыніўся кіраўнік дзяржавы і на сацыяльных пытаннях, на суверэнітэце. Поўнасцю згодна з яго выказваннем, што толькі мы, грамадзяне Беларусі, маем права гаварыць пра свае нацыянальныя інтарэсы і вызначаць нацыянальныя ідэі далейшага развіцця нашай краіны. 
— Святлана Барысаўна, а якая пара года ваша любімая?

— Вясна, калі ўсё навокал на вачах абуджаецца. Ад гэтага непаўторнага хараства чэрпаю прыгажосць. На досвітку выходжу на вуліцу, а ў садах птушынае шматгалоссе. Вішні, слівы, яблыні, як нявесты, накінулі светлы строй. У нас каля дома сад пасадзіў свёкар. Няма ўжо яго, а дрэўцы кожную вясну радуюць сваім убраннем. Унукам жыць і працаваць на гэтай зямлі.

subbat50@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter