Беларуская чыгунка знізіла тарыфы на праезд пасажыраў у напрамку Расіі

У дарогу са скідкай

Беларуская чыгунка знізіла тарыфы на праезд пасажыраў у напрамку Расіі. Зэканоміць да 30% на білетах можна ўжо з 10 лютага і да канца 2015 года. Ці карыстаецца попытам падобная акцыя, даведалася карэспандэнт «Р».


Ля кас вакзала станцыі Мінск-Пасажырскі натоўпу і вялікіх чэргаў няма. Супрацоўнікі не здзіўлены — буднія дні, горад працуе. Нарэшце, білет на цягнік можна набыць не выходзячы з дому — па інтэрнэце. Але пакупнікі ўсё ж падцягваюцца.

— Вунь, глядзіце, калі не верыце, — пажылая жанчына прасоўвае ў акенца касіру газетную публікацыю пра зніжэнне коштаў БЧ.

Бабулька просіць білет да Смаленска. Ехаць з дзвюма перасадкамі на электрычках Ірына Міхайлаўна не можа — здароўе ўжо не тое. Дарагі білет на камфартабельны цягнік таксама быў не па кішэні, а зараз са скідкай на плацкартны білет, спадзяецца, хопіць грошай.

— Мне зручна на той цягнік, што ноччу. Каб а сёмай раніцы ў Смаленску ўжо быць, — просіць Ірына Міхайлаўна.

— Цэны паніжаны толькі на цягнікі беларуска-расійскага напрамку, — тлумачыць касір. — Гэта значыць, напрыклад, на цягнік Варшава Заходня — Масква Беларуская білет па-ранейшаму застанецца ўмоўна дарагім.

Дарэчы, цяпер з’ездзіць, напрыклад, у Маскву ў плацкартным вагоне абыдзецца прыкладна ў 500 тысяч рублёў замест 800. Купэ па гэтым жа маршруце каштуе каля мільёна рублёў, CВ — два мільёны.

Ірына Міхайлаўна ўсё ж выбра­ла зручны і недарагі цягнік да Смаленска. І скідку між тым атры­мала значна большую — каля 50 працэнтаў.

— Агучаныя зніжаныя цэны не ўлічваюць дадатковыя скідкі і тарыфныя планы, — удакладняе Андрэй Кашко, першы намеснік начальніка пасажырскай службы БЧ. — Яны залежаць і ад месцаў размяшчэння пасажыраў у салоне, ад праезду, да прыкладу, туды і на­зад. Істотна знізіцца кошт і пры своечасовай куплі праязнога дакумента.

Так, калі набыць білет ад 60 да 31 сутак да адпраўлення цягніка, вы заплаціце на 15% менш. На 10% кошт праезду знізіцца пры ўмове продажу білета ад 30 да 21 сутак да адпраўлення.

— Самыя папулярныя напрамкі, вядома, Масква і Санкт-Пецярбург, — кажа начальнік вакзала станцыі Мінск-Пасажырскі Уладзімір Грыгаровіч. — У асноўным людзі бяруць білет у плацкарт. Раней папулярныя бюджэтныя агульныя месцы ў вагоне зараз попытам не карыстаюцца: навошта ж ехаць седзячы, калі цяпер за тыя ж грошы можна камфортна адпачыць падчас паездкі.

ypopko@bk.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter