У Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт пры прыёме на бюджэт у 774 чалавекі падалі дакументы больш за 1,5 тысячы

Балы пайшлi ў рост

Уступная кампанія ў ВНУ краіны яшчэ ў самым разгары, а многія ВНУ з упэўненасцю кажуць пра тое, што ў дадатковым наборы ў іх патрэбы не будзе. 



Яшчэ на мінулым тыдні парадавала Брэстчына: тут ВНУ ўжо выканалі набор на ўсе сто. Напрыклад, у Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт пры прыёме на бюджэт у 774 чалавекі падалі дакументы больш за 1,5 тысячы. У Брэсцкім дзяржуніверсітэце імя А.С. Пушкіна колькасць жадаючых навучацца фактычна ўдвая перавышае лік бюджэтных месцаў. Прыблізна такая ж сітуацыя ў Палескім дзяржаўным універсітэце.

Высокія вынікі дэманструюць і ВНУ Гродзеншчыны. Напрыклад, ГрДУ выканаў план прыёму на бюджэт ужо ў першым туры, запоўніўшы ўсе 855 бюджэтных месцаў. Тут, паведамiлі ў ВНУ, конкурс на бюджэтную дзённую форму навучання па групе спецыяльнасцяў «правазнаўства», «эканамічнае права», «міжнароднае права» дасягаў 6,4 чалавека на месца. Высокім аказаўся нават конкурс на завочнае аддзяленне: на 250 месцаў пададзена 737 заяў. Развеялі міф аб непапулярнасці прафесій сельгаспрофілю ў Гродзенскім аграрным універсітэце. Тут план прыёму на бюджэт не толькі выкананы, але конкурс на асобныя спецыяльнасці, у прыватнасці, эканамічнага профілю, дасягнуў 3,5 чалавека на месца.

Не адстаюць ад рэгіянальных і сталічныя ВНУ. Пра тое, што набор на бюджэт будзе выкананы, БДУ рапартаваў яшчэ да заканчэння прыёму дакументаў. Вядома ж, бо тут колькасць заяў амаль на паўтары тысячы перавысіла колькасць бюджэтных месцаў.

І ўсё гэта пры тым, што ў бягучым годзе планка паступлення на многія спецыяльнасці дастаткова высокая. Напрыклад, у тым жа Белдзяржуніверсітэце прахадны бал па спецыяльнасці «менеджмент» амаль дасягнуў адзнакі ў 360. Асаблівай папулярнасцю тут карысталіся таксама спецыяльнасці хімічнага профілю. Дастаткова сказаць, што на спецыяльнасць «хімія лекавых злучэнняў», куды залічана 20 абітурыентаў, прахадны бал склаў 356 (для параўнання, у мінулым годзе гэта было 334 балы).

Як «Р» пісала раней, адметнай асаблівасцю ўступнай кампаніі гэтага года стала высокая колькасць абітурыентаў, у скарбонцы якіх аказалася больш за 300 сумарных балаў. У БДУ такіх, напрыклад, 47 працэнтаў. У БДУІР жа лічба і зусім перакрыла паўсоценную мяжу і дасягнула 60 працэнтаў. Высокія вынікі і прывялі да таго, што прахадныя балы істотна падраслі. Хочацца верыць, што і ВНУ ў выніку атрымаюць сапраўды моцных студэнтаў.

Нагадаю, што гэтым летам у Беларусі студэнтамі ВНУ могуць стаць 66,7 тысячы чалавек, у тым ліку бюджэтных аддзяленняў — 27,9 тысячы.

veraart14@mail.ru

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter