Работа па разбурэнню часткі моста была ўнікальнай.
…Спачатку з’явіліся слупы чорнага пылу ў небе, а потым пракацілася ўдарная хваля. Яна закранула і вёску Боркі Жыткавіцкага раёна. Пенсіянерка Ганна Пяшэвіч, нягледзячы на кепскі слых, выбух пачула:
— Як бабахнуў! І шыбы затрэсліся. Гайданула трохі. Ну, цяпер павінны новы мост пабудаваць.
Вёска Боркі — бліжэйшы да спецаперацыі населены пункт. Але адсяляць яе не прыйшлося, выратавальнікі толькі ачапілі кіламетровую зону. У мост заклалі больш за тону ўзрыўчаткі, а жалезабетонныя пліты пасля выбуху «склаліся» на спецыяльна насыпаную пляцоўку. Алег Удовін, начальнік упраўлення моставага праектавання прадпрыемства «Белгіпрадар» распавёў:
— Чаму спыніліся менавіта на выбуху? У Беларусі, ды і ў суседзяў, няма спецтэхнікі для разбурэння падобных збудаванняў. Зарады размясцілі зверху і знізу перакрыццяў. Складанасць заключалася ў тым, што трэба было разбурыць амаль 200 метраў жалезабетоннай канструкцыі, у сярэдзіне якой знаходзіліся пучкі сталёвых тросаў. Агульная вага 4 000 тон. Таму патрабавалася сінхронная дакладнасць, каб выбухі фактычна разрэзалі пралётнае палатно, а апоры ўцалелі. Для выканання адказнай аперацыі былі прыцягнутыя спецыялісты цэнтра выбухатэхнічнай службы Рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння МНС. Усе «абломкі» ляглі ў патрэбны квадрат, пахваліў сапёраў першы намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Худалееў:
— Задача выканана паспяхова, мэты дасягнуты. Работа праведзена ўнікальная, нашы спецыялісты добра справіліся з пастаўленай задачай.
Пра перспектывы будаўніцтва новага моста мы даведаліся ў галоўнага інжынера праекта прадпрыемства «Белгіпрадар» Людмілы Саседкавай:
— Аварыйная частка разбурана, смецце вывезуць, апоры абследуюць на наяўнасць пашкоджанняў, і ўжо праз два тыдні прыбудзе першая частка металаканструкцый. Мы спыніліся на сталёвых пралётах — яны ў два разы лёгчэй за бетонныя. Гэта важна яшчэ і таму, што апоры моста размешчаны на слабых грунтах. Зрабілі ўжо шмат, але асноўная праца — наперадзе.
galkovsky@sb.by