«Театральные истории Несвижа», «Еда хоть куда» и трансляции рождественских богослоужений: итоги теленедели

Хлеба ды відовішч!

На «Беларусь 3» паказалі прэм’еру дакументальнага фільма «Тэатральныя гісторыі Нясвіжа», а праект «Еда хоть куда» тэлеканала «НТВ-Беларусь» атрымаў прэстыжную ўзнагароду

У розныя часы на тэрыторыі Беларусі існавала не менш за 150 замкаў, адметных сваёй гісторыяй, архітэктурнымі і ландшафтнымі асаблівасцямі. Ад большасці з іх сёння не засталося нават падмурка. Фрагменты і рэшткі некаторых і да гэтага часу чакаюць свайго адраджэння... Але ёсць выключныя замкі і палацы, фарпосты нашай культуры, якія не толькі цудам захаваліся, але за апошнія гады набралі такую моц, што сталі ўлюбёным месцам турыстаў як з Беларусі, так і з іншых краін. Нясвіжскі замак — адзін з такіх. Спецыяльна для тэлеканала «Беларусь 3» навуковыя супрацоўнікі Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж», даследчыкі тэатральнай спадчыны Радзівілаў і музыказнаўцы аб’ядналіся, каб пазнаёміць гледачоў з гісторыямі легендарнага тэатра Уршулі Радзівіл і Пане Каханку. З фільма «Тэатральныя гісторыі Нясвіжа» мы даведаемся ў тым ліку, дзе была створана першая прафесійная трупа і стаяў Нясвіжскі Камедзі-хаўс.

Нясвіжскі замак — прыдатнае месца для імпрэз рознага кшталту.
sb.by

Знаёмства з мінулым 

Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік у Нясвіжы адзін з найбольш знакавых аб’ектаў на культурнай карце Беларусі. Менавіта тут зараджалася айчыннае тэатральнае мастацтва. 

У сваёй новай дакументальнай стужцы творчая каманда тэлеканала «Беларусь 3» разам з экспертамі прыадкрываюць сакрэты першых беларускіх тэатраў, нагадваюць пра незаслужана забытую беларускую оперу Антонія Радзівіла, а таксама разважаюць, чаму для Уршулі Радзівіл пісаць п’есы і ставіць спектаклі было надта важнай справай. Аўтар сцэнарыя і рэжысёр «Тэатральных гісторый Нясвіжа» Ліка Новікава дадае:

— Наш фільм — гэта ў першую чаргу цікавае знаёмства з нашым мінулым. Мы расказваем, якім быў тэатр некалькі стагоддзяў таму ў драбнюткіх дэталях: акцёры, сцэна, дэкарацыі, касцюмы... У сярэдзіне XVIII стагоддзя быў пабудаваны стацыянарны тэатр. Выкарыстоўваючы існуючыя макеты, гістарычныя дадзеныя і камп’ютарную графіку, мы паспрабавалі паказаць, якім ён быў у рэальнасці.

У фільме сабраны самыя цікавыя факты пра Нясвіжскі замак, выкарыстаны кадры з архіва Белтэлерадыёкампаніі. А вось пастановачныя сцэны зняты з удзельнікамі заслужанага аматарскага калектыву Беларусі «Тэатр імя Уршулі Радзівіл». 

Стравы — на стол! 

Вядучы праграмы «Еда хоть куда» Уладзімір Богдан і дырэктар тэлеканала «НТВ-Беларусь» Кацярына Бірэцкая. 
Тэлеканалу «НТВ-Беларусь», які ўваходзіць у холдынг Белтэлерадыёкампаніі, таксама ёсць чым пахваліцца. Гэтымі днямі праект «Еда хоть куда» стаў лаўрэатам XXI Рэспубліканскага турыстычнага конкурсу «Пазнай Беларусь» у намінацыі «Матэрыял года. Відэаматэрыял года». 

Нагадаем, конкурс «Пазнай Беларусь» штогод праводзіцца Міністэрствам спорту і турызму сумесна з Нацыянальным агенцтвам па турызму з мэтай фарміравання іміджу Беларусі як краіны, спрыяльнай для развіцця турызму. У гэтым сезоне ў 13 намінацыях былі прадстаўлены 834 працы. Cярод 95 творчых прац у намінацыі «Матэрыял года. Відэаматэрыял года» адным з лепшых назвалі праграму «Еда хоть куда». 

Каманда праекта ставіць перад сабой амбіцыйную задачу: скласці падрабязную гастранамічную карту нашай краіны. Для гэтага яна знаходзіць сапраўдныя нацыянальныя кулінарныя прысмакі, а таксама знаёміць гледачоў з гісторыяй і традыцыямі рэгіёна, раёна і нават маленькага мястэчка альбо пасёлка. Дзе можна цікава правесці час і прадэгуставаць новыя стравы? На гэтае пытанне адказвае вядучы праекта Уладзімір Богдан, які ўвесь час актыўна падарожнічае па Беларусі. 

Ну а нам застаецца дадаць, што «Еда хоть куда» выходзіць на тэлеканале «НТВ-Беларусь» кожную нядзелю.

Сіла слова

Да свята Нараджэння Хрыстова па календары каталіцкай канфесіі 24 і 25 снежня Белтэлерадыёкампанія арганізуе трансляцыі калядных набажэнстваў. 

У калядную куццю вернікаў запрашае да экранаў тэлеканал «Беларусь 1». 24 снежня ў 22:20 тут пачнецца трансляцыя святочнай службы з мінскага Архікафедральнага касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі на чале з мітрапалітам Мінска-Магілёўскім Іосіфам Станеўскім. А пасля (у 00:05) тэлеканал пакажа калядную службу з Ватыкана з удзелам Папы Рымскага Францыска.

Раніцай 25 снежня (пачатак у 08:50) арцыбіскуп Іосіф Станеўскі павіншуе вернікаў з Раством Хрыстовым на тэлеканале «Беларусь 1». Пасланне і блаславенне Папы Францыска «Гораду і свету» ў 17:15 у трансляцыі з Ватыкана пакажа тэлеканал «Беларусь 3».

leonovich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter