Руководитель ансамбля «Выцінанка» Петр Остапчук: в каждом человеке живет своя мелодия

Кіраўнік заслужанага аматарскага калектыву «Выцінанка» Пётр Астапчук: «У кожным чалавеку жыве свая мелодыя»

Больш за трыццаць гадоў кіруе заслужаным аматарскім калектывам Рэспублікі Беларусь ансамблем народнай музыкі «Выцінанка» Столінскага гарадскога дома культуры Пётр АСТАПЧУК. З малых гадоў ён на вяселлях, святах ці іншых урачыстасцях, што ладзіліся ў яго роднай вёсцы Вялікія Арлы, любіў слухаць напеўныя мелодыі. Бацькі заўважылі інтарэс сына і купілі гармонік, і юны музыка на слых падбіраў мелодыі. Тэарэтычныя асновы музыкі спасцігаў у Беражноўскай музычнай школе і ўдасканальваў у Брэсцкім музычным вучылішчы.

Унікальныя магнітафонныя запісы мелодый вясковых музыкаў, што захаваліся ў Пятра Іванавіча, падштурхнулі да ідэі стварыць фальклорны музычны калектыў. Так з'явіўся ансамбль народнай музыкі «Выцінанка». Скрыпка, кларнет, труба, гармонік, бубен, салісты з танцавальнай групай стварылі гурт, які за гады творчай дзейнасці вырас да самавітай групы прафесіяналаў. За высокае выканаўчае майстэрства, актыўную канцэртна-гастрольную дзейнасць, уклад у развіццё і папулярызацыю нацыянальнага мастацтва ансамбль атрымаў ганаровае званне «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь». Ён выступаў на галоўных сцэнах Сусветнай выставы «Экспа» ў Мілане, Астане і Дубаі, тройчы ўдзельнічаў у Міжнародным фестывалі этнакультур «Покліч Палесся» ў петрыкаўскай вёсцы Ляскавічы. Двойчы лаўрэат Міжнароднага фестывалю «Культура Бяскідаў» у Польшчы і лаўрэат ІІ Усебеларускага фестывалю народнага мастацтва «Беларусь — мая песня». Народны ансамбль заўсёды прымае ўдзел у свяце-кірмашы працаўнікоў вёскі «Дажынкі», выступае на палявых станах хлебаробаў, перад жывёлаводамі, у сельскіх дамах культуры. Не аднойчы прадстаўляў нашу краіну на міжнародных фальклорных фестывалях і этнаграфічных конкурсах.

Творчая дзейнасць кіраўніка народнага мастацкага калектыву адзначана ганаровымі граматамі Міністэрства культуры, Брэсцкага аблвыканкама, званнямі «Ганаровы паляшук» і «Ганаровы грамадзянін Столінскага раёна».


Не толькі працавітымі людзьмі славіцца Палессе. Старажытны Столін прымаў гасцей і ўдзельнікаў I Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу «Дажынкі». Гонар выступіць на галоўнай сцэне свята хлебаробаў атрымаў тады і малады этнаграфічны калектыў Столінскага гарадскога дома культуры «Выцінанка». І хаця адабраныя для канцэртнай праграмы нумары адшліфоўваліся і выконваліся на ўрачыстасці пад фанаграму, а кожны рух да аўтаматызму адпрацоўваўся на шматлікіх рэпетыцыях, кіраўнік ансамбля народнай песні Пётр Астапчук хваляваўся за дэбют. Пад апладысменты пакідалі спевакі святочную сцэну. Поспех надаў настрою: з азартам рыхтаваліся да Міжнароднага фальклорнага фестывалю ў спякотным Алжыры. Дамоў вярталіся з прэстыжным дыпломам лаўрэатаў. Потым былі выступленні на этнаграфічных конкурсах і фестывалях у Расіі, Украіне, Малдове, Францыі, Германіі, Польшчы.

— Больш як за тры дзесяцігоддзі кіравання творчым калектывам надало вопыту, — перакананы Пётр Астапчук. — З гадамі больш патрабавальным стаў да сябе і калег на сцэне. Канешне, удзячны ўсім, хто падтрымлівае, дапамагае нам. Па зярнятку збіраем аўтэнтычныя спевы і выносім на суд аўдыторыі. Наш невялікі калектыў стаў сапраўднай лабараторыяй па зборы і апрацоўцы музычнага фальклору Палесся. У пошуках матэрыялу аб'ездзілі самыя аддаленыя куточкі, сустракаліся з сялянамі, пераймалі аўтэнтычнасць выканання народнай музыкі на тым ці іншым інструменце, асаблівасць, тэмбравых фарбаў, падгалосачную поліфанію. На аснове народнай музыкі і песень стварылі кампазіцыю «Столінскія музыкі». Напоўнена яна асобнымі яркімі канцэртнымі нумарамі і яскрава адлюстроўвае самабытнасць палешукоў. Да нас прыязджалі харэографы з Беларускага дзяржаўнага харэаграфічнага ансамбля «Харошкі» і на базе нашага танца «Пастушок» стварылі нумар «Палеская пастараль».

— Адкуль такая незвычайная назва ў вашага калектыву?

— Раней у раёне актыўна дзейнічала агітбрыгада «Вестуны», акампаніравалі ёй некалькі самабытных музыкаў. Пад іх мелодыі ствараліся і кампазіцыі мясцовага народнага ансамбля танца «Рэха», якім кіраваў заслужаны работнік культуры Беларусі Мікалай Дубінін. Назву нашаму этнакалектыву даў Фёдар Украінец, заўзяты самародак, які валодаў многімі музычнымі інструментамі, былы дырэктар Давыд-Гарадоцкай музычнай школы, франтавік. У вайну Фёдару Піліпавічу давялося быць армейскім шаўцом. З немагчымага не выкройваў, а выцінаў для воінаў вопратку. І незвычайную мелодыю — на самых розных інструментах. І нас на гэта падштурхнуў. У пасляваенны час неставала сродкаў, каб набыць тканіну на фіранкі, таму выразалі з газет выцінанкі і ўпрыгожвалі імі вокны, сцены ў хатах. Вось і ў мастацтве з улікам падгалосачнай поліфаніі ствараюцца розныя па колькасці ўдзельнікаў музычныя калектывы.

— Адкуль вытокі вашага захаплення музыкай?

— У пасляваенныя гады ў нашай вёсцы быў арганізаваны калгас. Коньмі апрацоўвалі зямлю, уручную касілі травы. Талакой выязджалі на прыпяцкія ўрочышчы Засінічча, Добрычы, Беразова нарыхтоўваць сена. Падлеткам станавіўся ў пакос разам з дарослымі. Хадзіць за плугам вучыла маці: бацька рана вясною выязджаў на заробкі і вяртаўся дамоў увосень. Прывозіў нам абноўкі. Памятаю, як мне купілі споднюю бялізну. Раней яе ніколі не бачыў, бо хадзілі ў даматканым адзенні. Маці працавала звеннявой у калгасе. Са старэйшай сястрою Васілісай дапамагалі ўпраўляцца па гаспадарцы, мне давяралі пасвіць гусей (быў вялікі гурт). Побач з намі жыў заўзяты гарманіст Уладзімір. Вечарамі выходзіў з хаты, сядаў на прызбу і заводзіў мелодыю. Каля яго збіраліся суседзі. Бацькі заўважылі маё захапленне і купілі гармонік. Нотную грамату і ўменне падбіраць мелодыі на баяне спасцігаў у школьнага настаўніка Васіля Пятровіча Антановіча. Ад землякоў даведаўся пра незвычайны палескі самаробны музычны інструмент — крутку. Выраблялі яго пастухі з кары альховых дрэў. Здзёртую кару закручвалі, і атрымлівалася дуда. Мне даводзілася іграць на ёй. Спадзяваюся, што выраблю яе сам і папоўню наш музычны арсенал.
На мой жыццёвы выбар значна паўплывалі музыкі з суседняй вёскі Лядзец. Пад іх цудоўныя мелодыі вяскоўцы гулялі на вяселлях, радзінах, іншых святах. У майстроў былі звычайныя інструменты: скрыпка, кларнет, труба, нямецкі гармонік і бубен. Спецыяльнай адукацыі не мелі, але з першага гуку зачароўвалі. Кранала іх манера трымацца перад публікай. Апраналіся яны ў звычайныя палескія строі, усе былі ў саламяных брылях.
Памятаю, як потым прыязджалі да іх фалькларысты-аранжыроўшчыкі і палескія мелодыі нават не апрацоўвалі, а ўвасаблялі ў прафесійныя музычныя калектывы. Зайздросціў таленту землякоў, і мацнела жаданне навучыцца гэтаму чароўнаму майстэрству.

— Свой жыццёвы шлях рана вызначылі?

— Атрымаў атэстат сталасці ў Ля­дзецкай сярэдняй школе і стаў працаваць загадчыкам сельскага клуба ў суседняй вёсцы Дубай. Паступіў на завочнае аддзяленне Брэсцкага музычнага вучылішча, потым была служба ў арміі. Вярнуўся дамоў, дзе мяне чакалі сялянскія справы. На вёсцы заўжды запатрабаваныя працоўныя рукі, асабліва летам. За сезон усёй сям'ёю нарыхтоўвалі па тры стагі сена для калгаса і адзін для ўласнай каровы, а ў вольны час браў у рукі баян і адводзіў душу. Музыка стала для мяне сэнсам жыцця. Адразу пасля стварэння ансамб­ля народнай музыкі звярнуўся да магнітафонных запісаў тых самых музыкаў з суседняй вёскі. На стужцы цудоўна захаваліся «Лядзецкая полька», «Вальсец з усходніх крэсаў», вальс «Гусары-баламуты». З'явілася ідэя стварыць музычны найгрыш «Паніца». У нашай мясцовасці жыве жанчына, вобраз якой увасобіў у гэты музычны твор. Памятаю, як на вяселлі пачыналіся скокі, кожны госць танцаваў. Доўгі час заставаўся ўплыў польскай культуры, і на такіх імпрэзах некаторыя дэманстравалі сваю шляхетнасць. Вылучаліся і такія, што даказвалі: палешукі не горшыя за шляхту. Звычайна гэта былі жанчыны («паніцы»), усе навокал заміралі ад іх выхаду. Так з'явіўся ў мяне музычны нумар «Паніца». Салістка танцавальнага калектыву Алена Зялінская адчула вобраз і дакладна ўвасобіла яго ў танцы. Паспяхова з гэтай роляй спраўляецца і расіянка Ніна Дабрынец. Яна выйшла замуж за палешука, Беларусь стала яе другім домам.

— Пётр Іванавіч, вы рэалізуеце свае творчыя здольнасці на малой радзіме. А не ўзнікала жадання праявіць сябе ў сталіцы?

— Напэўна, я з тых, хто сэрцам адданыя роднай зямлі. Так мяне выхоўвалі. У сталіцы даводзіцца бываць, але заўжды, як на крылах, лячу на роднае Палессе. Тут кожная сцяжынка мне знаёмая. Прыгадваю расповеды дзевяностагадовай бабулі Алены: у неспакойныя дваццатыя гады мінулага стагоддзя пахавала пяцярых дзяцей. Не перажыў гэтага выпрабавання дзед Пятро — перастаў есці і памёр. Не было дошак, каб зладзіць труну, таму з распілаванай лавы збілі дамавіну.

Шмат гора родным прынесла нямецка-фашысцкая акупацыя. Бацька адным з першых у вёсцы пайшоў у партызанскі атрад камандзіра Сабурава. Узрывалі цягнікі на чыгунцы, устройвалі аблавы на варожыя гарнізоны. У нашым доме не любілі ўспамінаць пра той цяжкі час. Не вярнуўся з фронту дзядзька Фёдар Алейнік. У лютым 1945-га яго, цяжкапараненага, даставілі з лініі фронту ў ваенны шпіталь, але ўратаваць не ўдалося. Было яму 44 гады. Пахаваны на ваенных могілках у румынскім горадзе Цімішаара. У памяць аб ім уключыў у рэпертуар «Выцінанкі» румынскую музыку. Маці казала, што гэта гукі дзядзькавай душы.

У ваенны час, калі акупанты забіралі моладзь у рабства, трапіў у іх рукі стрыечны брат маці Васіль. Па дарозе ў Германію кінуўся ўцякаць, але фашысты яго забілі. Матулі пашанцавала не трапіць у палон, а брат яе Павел Алейнік усю Вялікую Айчынную вырабляў зброю на ўральскім заводзе. Пакалечанымі вярнуліся дамоў з фронту сваякі.

Майму пакаленню выпала вялікае шчасце нарадзіцца пад мірным небам. Кожную канцэртную праграму калектыву аздабляем спевамі пра мірную працу і радасць жыцця.

— Лета — час масавага адпачынку. Якія планы ў вас?

— Адпачываць буду потым. Зараз рыхтуем музычную праграму: праз кожныя пяць гадоў трэба пацвярджаць ганаровае званне народнага калектыву. У пяты раз будзем адстойваць яго, рэпертуар напоўнілі эксклюзіўнымі нумарамі. Зараз рэканструюецца раённы Дом культуры, у глядзельнай зале будзе ўсталявана сучасная музычная апаратура. Пасля завяршэння рамонтных работ чакаем прыезду дзяржаўнай камісіі, якая ацэніць нашу творчую дзейнасць. На Століншчыне, якая мае рэспубліканскія прыродныя запаведнікі «Сярэдняя Прыпяць» і «Альманскія балоты», у сярэдзіне лета запланаваны Рэспубліканскі экалагічны форум. Для гасцей і ўдзельнікаў яго рыхтуем арыгінальную канцэртную праграму. А ў жніво, як заўсёды, будзем вітаць перадавікоў на хлебнай ніве. Планаў багата.

— У работнікаў культуры, як і ў хлебаробаў, шмат рызыкоўных момантаў. Для вас выхад на сцэну — рызыка?

— Калі хто скажа, што ў жыцці ніколі не рызыкаваў, не паверу. Канешне, турбуешся, калі выходзіш на сцэну. Памятаю, як на вучэбным стрэльбішчы быццам усё складвалася нармальна, але хваляванне да апошняй секунды не пакідала. І толькі пасля таго як вынік вядомы, яно адступала. Каб рызыка была апраўданай, кожную дэталь канцэртных нумароў да аўтаматызму адпрацоўваем. Ствараючы сцэнічны вобраз, улічваю, каб ён нёс пазітыў гледачам. Асабліва гэта тычыцца песеннага рэпертуару.

— Ведаю, рэпертуар калектыву багаты і на танцавальныя мелодыі. Іх таксама збіралі па палескіх вёсках?

— Некаторыя адшліфоўвалі, назапасілі вялікі танцавальны выбар. Прыдалі дынамізму ўсім вядомай «Лявонісе», полькам «Выцінанка», «Лядзецкая», «Асаўская», «Шабасоўка», «Трасуха», «Шыбар», «Шэра» і іншым. Сабрана шмат арыгінальных спеваў, такіх як «Качата-гусята», «Косары косяць, вітэр повівае», «Розмай» і іншыя. Аднавілі палескія абрады «Вяселле», «Калядкі», «Давыд-Гарадоцкае вено».

— За дзесяцігоддзі творчай дзейнасці ці часта мяняўся састаў?

— Па розных прычынах адны развітваліся, на змену ім прыходзілі іншыя, але колькасны састаў не мяняецца. У кожным чалавеку жыве музыка. З рознымі людзьмі за дзесяцігоддзі творчай працы сустракаўся і ад кожнага нешта браў для нашай творчай групы. Канцэртную праграму пастаянна абнаўляем, дапаўняем. Пры стварэнні «Выцінанкі» выкарыстоўваў армейскую методыку — не болей дванаццаці чалавек. Такім гуртам зручней выязджаць з канцэртамі. Звычайна бусікі, якімі карыстаемся, разлічаны на такую колькасць пасажыраў. Шмат гадоў трымаюцца ў калектыве дырэктар раённага Дома культуры Алена Дубойская, працаўнікі ўстаноў культуры раёна Надзея Самалюк, Руслан Храпіцкі, Ніна Дабрынец, Таццяна Кулак.

— Якой вам бачыцца будучыня калектыву?

— Не сумняваюся, што асновы, закладзеныя пры стварэнні гурта, даюць спадзяванне на запатрабаванасць нашай творчасці ў грамадстве. Мы прапагандуем нацыянальную культуру, а надалей час пакажа, у якой форме лепш падаваць яе гледачам. Нашы папярэднікі «Лядзецкія музыкі» адышлі ў вечнасць, але знайшліся аматары працягваць іх справу.

— Якое адлюстраванне ў вашай творчасці знаходзіць аб'яўлены на дзяржаўным узроўні Год міру і стварэння?

— У першую чаргу імкнёмся не забываць тое, што створана продкамі. Трэба ведаць сваю гісторыю і рабіць усё, каб людзям мірна жылося. Вайна нікому не патрэбна. Гісторыю роднага краю, як і культурную спадчыну, павінен ведаць кожны. Століншчына дзесяцігоддзямі падтрымлівала

цудоўныя сяброўскія адносіны з суседнім Дубровіцкім раёнам Украіны. Яшчэ некалькі гадоў таму выступалі ў іх з канцэртам, перапоўненая зала авацыямі прымала кожны нумар. І іх калектывы выступалі на нашых святах. Так і павінна быць. Мы адзіны славянскі народ, нам няма чаго дзяліць. Маем агульную шматвяковую гісторыю, нам не патрэбны перакладчыкі. У нашым рэпертуары шмат украінскіх спеваў, як і нашых у творчасці іх самадзейных калектываў. Планавалі зрабіць сумесную канцэртную праграму, прысвечаную палескаму краю. Спадзяваюся, што мары здзейсняцца.

Склаліся трывалыя стасункі з вядомым у рэспубліцы музычным калектывам «Свята». Усё новае, цікавае, што ўбачым ці пачуем, увасабляем у сваю праграму.
У нас былі моцныя сяброўскія адносіны з народным артыстам Беларусі кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Генадзя Цітовіча Міхаілам Паўлавічам Дрынеўскім. Ён часта бываў у нашым раёне, цікавіўся творчымі задумамі, даваў слушныя парады. Раіў захоўваць усё, што створана народам. Падтрымліваем творчыя адносіны з кіраўніком заслужанага аматарскага калектыву песні і танца «Палескія зоры» Сяргеем Паддубным. Прыгадваюцца словы Прэзідэнта, што беларусы — еўрапейскі народ. Адпаведна ў нашай культуры перапляліся ноткі візантыйскай, італьянскай і іншых культур. Нашы праграмы настроены на выхаванне чалавека. Усе мы хочам мірнага неба і стварэння. Імкнёмся, каб і надалей паляшук заставаўся чалавекам са знакам якасці.
Мы ўдзячны арганізатарам Міжнароднага фестывалю этнакультур «Покліч Палесся» за запрашэнне калектыву на гэты форум.

— Там вас адзначылі званнем «Ганаровы паляшук». Слава не закруціла галаву?

— Канешне, прыемна было з рук міністра культуры атрымаць бронзавую статуэтку палешука, захоўваю як галоўную сваю рэліквію. Яна атрымала ў народзе назву «палескі Оскар». Такое званне да многага абавязвае, тым больш я стаў ганаровым грамадзянінам Столінскага раёна. Звання «Ганаровы паляшук» з нашага раёна ўдастоены народны майстар Іван Супрунчык і былы кіраўнік СВК «Фядорскі» Рыгор Дзямко.

— Ваш любімы куточак на зямлі?

— Ёсць мясціны такія цудоўныя, дзе побач з бярозкамі ўзвышаюць свае шапкі дубы. Праз іх кроны пранікаюць сонечныя промні, і быццам ты ў сапраўдным райскім са­дзе. Вельмі ўражваюць мяне палескія балоты сваёй таямнічасцю. Люблю вандраваць на веласіпедзе, мару пра падарожжы ў горы, да акіяна. Палессе ўвабрала ў сябе многа з іншых культур. Землякі ігралі музыку на нямецкі і польскі лад. Адкуль ім гэта вядома было? А вальс — гэта ж запазычаны аўстрыйскі танец. Ці розныя полькі? Так і ў архітэктуры. У цэнтры Століна захаваўся ўнікальны будынак сінагогі з XVII стагоддзя ў стылі барока. Наша задача — несці нашчадкам багаты пласт палескай культуры.

subbat50@mail.ru


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter