О воспитании в детях уважения к окружающим

Люстэрка для бацькоў

Як у выхаванні дзяцей убачыць сябе?

Якія бацькі, такія і дзеці. Памятаеце, менавіта так казалі нашы настаўнікі? Сцвярджаюць і цяпер. Аднак гэта выснова ўскладняецца яшчэ і выхаваўчымі фактарамі, якія падносіць інтэрнэт. Мамы і таты з абмяжоўваннем экраннага часу для сваёй малечы не спраўляюцца. І не дзіва: за ўсім не ўгледзіш.

Фото  pexels.com

Чаго гэта я разбурчалася на прызбе? Не магу апамятацца пасля нядаўняга здарэння: новенькаму хлопчыку з класа, у якім вучыцца дачка, равеснікі зламалі палец на руцэ, сілком закрываючы дзверы ў школьнай прыбіральні. Пра гэта настаўніца паведаміла ў бацькоўскім чаце. Зразумела, такія жахі для вопытных настаўнікаў і бацькоў — справа звыклая. Далей сітуацыя развівалася так: дарослыя ад бяссілля проста звярнуліся да так званай крайняй меры — папрасілі сацыяльнага педагога і псіхолага разабрацца з хуліганамі, па віне якіх адбыўся непрыемны выпадак. Размовай усё і скончылася. Ці не? Напэўна, будзе спакойна толькі да той пары, пакуль у прыбіральні малыя зноў кагосьці не закрыюць.

Аднак у апісаным вышэй выпадку ўражвае зусім не дзіцячая агрэсія, а хутчэй абыякавая рэакцыя школьнікаў, якія стаялі і спакойна назіралі за тым, што адбываецца. Хтосьці ад страху проста збег, каб самога ў той туалет не заштурхнулі. Ніхто з аднакласнікаў не пазваў на дапамогу, не асадзіў крыўдзіцеляў: «Ты што робіш? Так нельга!»

Педагог просіць пагаварыць з дзецьмі пра тое, што нельга быць жорсткімі, трэба любіць адзін аднаго. Гэта так, вельмі патрэбна. Але ці заўсёды словы — эфектыўны спосаб уздзеяння на падлеткаў, якія прывыклі ўспрымаць інфармацыю праз мільганне малюнкаў на экране смартфонаў? Не, я не пра бацькаву папругу зараз узгадваю! Для пакалення гаджэтаў бярозавая каша — гэта хутчэй шкода, чым карысць. І вось які спосаб прыйшоў на думку: падахвочваць дзяцей на спачуванне і нераўнадушша да чужой бяды патрэбна праз рэальныя справы. Ці заўсёды мы, дарослыя, даём магчымасць дзецям адчуць, якім на самай справе бывае жыццё?

Напрыклад, у нашай школе праходзіць акцыя «Дапамажы чатырохногаму сябру». Бацькі прынеслі корм для жывёл, а педагогі перадалі сабраны «скарб» у прытулак. Ці вось яшчэ: да Новага года ідзе збор сродкаў на падарункі дзецям-сіротам, дзецям-інвалідам. Бацькі школьнікаў купляюць падарункі для ўдзелу ў марафонах дабра, а настаўнікі адвозяць скрынкі ў дамы-інтэрнаты. Хочацца пацікавіцца: а дзе ўдзел саміх дзяцей і дзе схаваўся сэнс, дзеля якога дабрачынныя акцыі і прыдуманы? Не для галачкі ў справа­здачах, а для таго, каб падлеткі маглі па-сапраўднаму, з душой, пранікнёна дапамагчы равеснікам, якія хварэюць або мараць набыць сям’ю; каб маглі ўсвядоміць каштоўнасць таго, што ў іх ёсць; навучыліся бачыць самыя важныя ў жыцці каштоўнасці. Каб маглі адчуць, што, аддаючы і дзелячыся чымсьці, зусім не бяднееш, а, наадварот, багацееш духоўна і далучаешся да высокага сэнсу міласэрнасці. Мабыць, тады зразумеюць: калі навучышся адрозніваць дабро ад зла, зможаш называць сябе сапраўдным чалавекам.

Прывіць падлеткам важны сацыяльны навык да суперажывання — значыць навучыць заўсёды ўлічваць правы і пачуцці іншых. Аднак важна памятаць: дзеці вучацца эмпатыі ад тых, хто праяўляе яе да іх.

А як вы вучыце дачок і сыноў любіць усё жывое на зямлі?

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter