Топор, части ядер, казацкие серьги, французские гвозди и пуговицы: на Березине дайверы ищут следы переправы наполеоновской армии

На глыбіні стагоддзяў

Бярэзіна. Чуецца замежная мова. Французы, бельгійцы і беларусы шукаюць у рацэ каля вёскі Студзёнка Барысаўскага раёна гістарычныя знаходкі. Тут была пераправа напалеонаўскага войска, палегла шмат салдат. Але гісторыкі не зацыклены толькі на тым перыядзе. Бярэзіна — гэта гісторыя многіх стагоддзяў. Да прыкладу, ужо знойдзены рэчы, якія датычацца таго ж жалезнага веку. Карэспандэнт «Р» выехала на месца, каб убачыць на свае вочы, як з-пад вады адраджаецца наша з вамі гісторыя.

На Бярэзіне падчас экспедыцый знойдзена вялікая колькасць рэчаў французскага, нямецкага, швейцарскага, польскага, прускага і рускага паходжання.

«Ля Бярэзіна»

Раніца на рацэ Бярэзіна, паверце, вельмі прыгожая. А калі тут яшчэ працуюць і мужчыны, апранутыя ў касцюмы дайвераў, — люба-дорага паглядзець. Каля берага нас чакае лодка, што павязе проста да месцаў, якія цяпер найбольш цікавыя для гісторыкаў, археолагаў Інстытута гісторыі НАН, Цэнтра напалеонаўскіх даследаванняў, дайвераў клуба «Марскі пегас». Экспедыцыі на гэтых землях пачалі праводзіцца яшчэ з 2012 года. 

— Размяшчэнне бліжэйшага да нас помніка, аднаго з месцаў пераправы французскай арміі ў лістападзе 1812 года, не зусім адпавядае ваеннай стратэгіі навядзення перапраў. Тут мы знаходзімся ў пошуках рэальнага месцазнаходжання некалькіх мастоў, якія былі пабудаваныя французамі, — распавядае Андрэй Ліхачоў, кіраўнік дайвінг-клуба «Марскі пегас». 

У тых месцах, дзе працуе каманда французаў, бельгійцаў і беларусаў, самая вялікая колькасць знаходак. Да таго ж зной-дзена там і сечаная драўляная дранка. Пакуль дакладна невядома, гэта рэшткі моста ці нешта іншае.

Мы садзімся ў лодку і адпраўляемся на месца, рассякаючы водную роўнядзь Бярэзіны. Цікавы момант: у французаў ёсць выраз «ля Бярэзіна». Ведаеце, што ён азначае? Вялікія праблемы, поўны крах. Так-так, гэта з тых самых часоў, калі напалеонаўскае войска палегла тут. Па некаторых крыніцах, тут загінула ад 10 да 40 тысяч салдат, дадае Андрэй Ліхачоў. 

— Па маіх здагадках, тое месца, дзе вы зараз апыняцеся, — месца верхняга моста. Першы пераход кавалерыі, якую Напалеон адправіў уброд, каб адагнаць казакоў ад Брылёў (вёскі, што непадалёк), бо яны перашкаджалі навядзенню мастоў. Гэта дакладна вядома па матэрыялах, атрыманых ад сведкаў ходу бітвы, — працягвае Андрэй Ліхачоў. А тым часам мы ўжо прыплылі на базу. Апошняя — гэткі плывучы дамок для дайвераў. Тут ёсць усё: міні-кухня, спальнае месца, зарадка для смартфонаў, інтэрнэт і нават рында. Дайвераносец — так называюць дамок паміж сабой. З вады выбіраюцца адны дайверы, на іх месца адпраўляюцца іншыя. Неабходна вывучыць кожны сантыметр абранага для працы месца. Над імі кружыць дрон для фіксацыі ўсіх дзеянняў зверху.

Вялікі раскоп

Што пад вадой? Разбіты вялікі раскоп. Першапачаткова ён быў 48 на 4 метры. За тыдзень працы яго павялічылі яшчэ ў даўжыню. Гэтая тэрыторыя падзелена на невялікія квадраты для праверкі. На кожны з участкаў ідзе каля 1,5 гадзіны. Дайверы ходзяць пад вадой, а зверху гісторыкі перабіраюць адклады з дна ракі, якія падаюцца на сіта праз помпу. Пры нас знайшлі гузік, адразу ж адзначылі каардынаты месца знаходкі. Пасля рэч акуратна паклалі ў празрысты пакет, падпісалі. У хуткім часе знаходку ўважліва вывучаць гісторыкі ў Мінску.

Пакуль адны дайверы змяняюць іншых, заўважаю ў чароце каля берага варушэнне — гэта супрацоўнікі Інстытута гісторыі НАН з металадэтэктарамі правяраюць, што ёсць на зямлі. А знаходак і там нямала. Каманда замежных даследчыкаў — падводных археолагаў Берэнджы Дэбрана, Фабрыса Ларона, Ксаўера Рамбо, Сільвіі Біл і каардынатара праекта ад Цэнтра напалеонаўскіх даследаванняў Жэрома Бакура рада падзяліцца сваімі ўражаннямі. Кажуць, што вывучэнне крок за крокам нашай агульнай гісторыі дапаможа даведацца нам больш аб тым, што і як на самай справе адбывалася на рацэ. 

— Бярэзіна неаднаразова паглыблялася, тут за доўгія гады праводзіліся розныя земляныя работы, таму многія рэчы, якія маглі быць пакінутыя тут, падвергліся эміграцыі. З 1812 года прайшло шмат часу, і ўсе артэфакты маглі быць занесены глеем, перанесены водамі. Таму мы стараемся працаваць у тых месцах, дзе іх перасоўванне, на наш погляд, было мінімальным, — тлумачыць загадчык аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу Інстытута гісторыі НАН Вадзім Кошман. — Мноства азёр і старыц вакол Бярэзіны былі звязаны са шляхам адступлення. З-за таго, што ён пралягаў у той час, калі стаяў мароз, ёсць здагадка: гэтыя старыцы, праходы былі таксама замёрзлыя. Такое меркаванне, магчыма, тлумачыць знаходкі ў прыбярэжнай зоне.

Дарэчы, іх пакуль больш, чым падводных знаходак. Разам з тым археолагам і гісторыкам важна і тое, што знаходзіцца пад вадой, вось чаму так неабходны дайверы: тое, што ляжыць у вадзе, лепш захавалася, чым тое, што ў зямлі. Да таго ж за апошнія 20 гадоў тут прайшлі тысячы людзей з металадэтэктарамі, а таксама «чорныя капальнікі». Гэтае месца папулярна для іх і цяпер. Многае знікла. На жаль, кажуць удзельнікі экспедыцыі, не ўсе маюць пачуццё павагі да сваёй гісторыі.

 
     
Гэтыя артэфакты — малая частка таго, што знайшлі за апошні тыдзень.
Падкова на шчасце

Наша размова перарываецца, таму што на другім беразе крычаць: «Сякера! Магчыма, XVI—XIX стагоддзе». У плывучы дайвераносец прыносяць новую знаходку. Чыя яна? Мяркуецца, французскай арміі, але, як кажуць, следства вызначыць.

Пакуль жа нашы гісторыкі і іх калегі могуць пахваліцца тым, што знойдзеныя сотні рэчаў адлюстроўваюць матэрыяльную культуру прадстаўнікоў мноства краін Еўропы. 

— Іх пошук не самая галоўная мэта. Яны даюць нам інфармацыю, якая неабходна для комплекснага вывучэння месца, — дадае Вадзім Кошман. Нагадаем, што непадалёк ад Студзёнкі не так даўно знайшлі найбуйнейшы скарб вікінгаў. А некалькі гадоў таму на беразе Бярэзіны адшукалі баявую сякеру XI стагоддзя. Хто ведае, што менавіта тут яшчэ можа быць?

Сонца пачынае паволі схіляцца да зямлі. Бярэзіна пусціла ў свае воды тых, хто спрабуе разгадаць яе таямніцы. Мы ж адпраўляемся зноў на бераг, каб паглядзець на «ўлоў». А па палях і ў старыцах знойдзена нямала! Ёсць нават кераміка ранняга жалезнага веку, бачым гузікі французскай кавалерыі і тых, хто наводзіў масты. Частка нажа, носік ад чайніка, грузіла, манеткі, шрот, падковы, кавалкі снарадаў, цвікі, гайкі, дэталі вінтовак, вінных бутэлек. Кусаныя свінцовыя кулі, якія давалі салдатам замест анестэзіі, каб зубы ад болю не зламалі. Вось казацкая завушніца — калі яна была ў казака ў левым вуху, азначала, што ён апошні сын у сям'і. Калі ў абодвух вушах — апошні ў родзе. Іх не адпраўлялі на вайну. Цікава, праўда? Будзем спадзявацца, што Бярэзіна адкрые яшчэ нямала таямніц, пра якія мы абавязкова даведаемся.

kasel@sb.by 

Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter