Писатель Алесь Бадак: высокая литературная награда принесет мне вдохновение

Добруш паволі вяртаецца ў звычайнае, размеранае жыццё. Але яму ніколі не забудзецца маштабнае, высокае, хвалюючае свята – Дзень беларускага пісьменства. Гучаць апошнія акорды ўрачыстасці. Лепшыя пісьменнікі атрымалі свае заслужаныя ўзнагароды – нацыянальныя літаратурныя прэміі. У галіне паэзіі за кнігу "Уладар ветру" ушанаваны паэт Алесь Бадак:


– Сапраўднае адчуванне, глыбокае асэнсаванне высокай узнагароды, думаю, прыйдзе да мяне пазней. Калі вярнуся дадому і сяду за працоўны стол. Любая адзнака стымулюе, і гэтая, безумоўна, абяцае прынесці добрае натхненне. На самай справе я многа чытаю, а пішу значна менш. Доўга дапрацоўваю творы, яны абавязкова павінны вылежацца. Бо вельмі пакутую, калі верш ужо надрукаваны, а там ёсць што ўдасканаліць. Відаць, паўплывала тое, што шмат гадоў маю дачыненне да рэдактарскай справы. У зборніку, за які атрымаў Нацыянальную літаратурную прэмію, выбраны лепшыя творы за многія плённыя гады, у тым ліку і зусім новыя вершы. А галоўная канцэпцыя маёй кнігі – чалавек і вялікі свет. Якімі мы павінны быць у вялікім свеце і якімі каштоўнасцямі трэба кіравацца.

Як дырэктар выдавецтва "Мастацкая літаратура", Алесь Бадак расказаў, што на Дзень беларускага пісьменства выдаўцы стараюцца прывезці як мага больш разнастайнай літаратуры. Прадстаўляюць не толькі навінкі, хаця і яны іграюць ключавую ролю. Але і кніжкі мінулых гадоў, дарагія не па кошце, а па сваёй рэдкасці, бо з тыражоў засталіся адзінкі.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter