Студэнты БДТУ ўдзельніцалі ў стрэльбах Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце

Студэнт дапаможа iнспектару

На днях у Мінскай вобласці гучалі стрэлы. Але гаворка не аб няштатнай сітуацыі. Стрэльбы праводзілі супрацоўнікі Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце. Адзінай, мабыць, адзнакай планавага мерапрыемства стаў удзел у ім студэнтаў БДТУ.


Над аднаўленнем інстытута грамадскіх інспектараў Дзяржінспекцыя працуе не першы год. І прычыны таго цалкам вытлумачальныя: сёння інспекцыя не настолькі шматлікая, як хацелася б. У прыватнасці, колькасць аператыўных работнікаў складае каля 220 чалавек. «Сіл няшмат, — кажа намеснік начальніка Дзяржінспекцыі Аляксандр Дуньковіч, — таму прыцягваем і егераў, і паляўніцтвазнаўцаў, супрацоўнічаем з органамі МУС, Следчага камітэта, пракуратуры. Але немалаважнае значэнне для нас маюць неабыякавыя грамадзяне».

Больш за тое, з гэтага года прынята рашэнне аднавіць даўняе і цалкам плённае супрацоўніцтва з БДТУ, які рыхтуе ў тым ліку і кадры для Дзяржінспекцыі. «Раней пры ВНУ былі дружыны па ахове прыроды, — успамінае Аляксандр Дуньковіч. — Гэтая традыцыя адноўлена з бягучага года. Хлопцы пройдуць першапачатковы курс падрыхтоўкі, прымем у іх залік, і яны змогуць паўнавартасна ўдзельнічаць у нашых палявых мерапрыемствах і быць нашымі памочнікамі. Для гэтага кіраўніцтва кафедры і дэканат выдзеляць час, мы будзем прыцягваць рабят да нашай працы на правах грамадскіх інспектараў».

Самі студэнты такому новаўвядзенню рады. Для многіх, як, напрыклад, для студэнта другога курса БДТУ Ігната Навасада, які плануе ў будучым стаць ляснічым, гэта выдатная магчымасць набыць навыкі, якія спатрэбяцца яму ў працы. Дарэчы, сумнення адносна сваёй будучыні ў хлопца, які нарадзіўся ў Белавежскай пушчы, няма — іншага жыцця ён сабе і не ўяўляе. Яго аднакурснік Павел Цыменя пад вялікім уражаннем ад магчымасці сутыкнуцца з рэаліямі жыцця дзяржінспектараў на практыцы: ён марыць у будучым менавіта аб такой працы. «Я з дзяцінства неабыякавы да прыроды, — кажа ён, — таму хацеў бы прыносіць карысць. Рамантыка такога жыцця не палохае. Горш сядзець цэлы дзень у офісе. Фізічная падрыхтоўка ёсць — займаюся цяжкай атлетыкай і паўэрліфтынгам, таму няма праблемы пераносіць нагрузкі. Радуе, што ўжо будучы студэнтам, я змагу стаць грамадскім інспектарам і ўдзельнічаць у сапраўдных рэйдах».

Зрэшты, мала атрымаць пасведчанне грамадскага інспектара. Трэба яшчэ і даказаць, што ты яго варты. Па словах Аляксандра Дуньковіча, калі ў штогадовай справаздачы такому добраахвотнаму памочніку запісаць няма чаго, калі вынікаў дапамогі Дзяржінспекцыі няма, то супрацоўніцтва можа быць скончана. Але што можа такі добраахвотны памочнік? Многае, кажа спецыяліст. Напрыклад, як і любы грамадзянін, ён можа прадухіліць правапарушэнне. «Хаця ў шэрагу краін, напрыклад у Літве, грамадскаму інспектару дазволена і складанне пратаколаў, — кажа Аляксандр Дуньковіч. — Мы гэтую магчымасць вывучаем».

veraart14@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter