Святар Кірыл БАРДОНАЎ: Святло для асвятлення язычнікаў

Другога лютага каталікі адзначаюць свята Ахвяравання Езуса Хрыста

Другога лютага каталікі адзначаюць свята Ахвяравання Езуса Хрыста

Каб зразумець сэнс гэтага свята, звернемся да старажытных іўдзейскіх звычаяў. Калі яўрэйскі народ знаходзіўся пад прыгнётам у Егіпце, Бог вырашыў вывесці выбраны народ Старога Запавету з няволі ў Ізраіль — абяцаную ім раней зямлю. На згоду адпусціць яўрэяў паўплывала раптоўная смерць усіх першародных сыноў егіпцянаў. Першародныя ж сыны яўрэйскага народа былі захаваныя ад смерці, таму ў памяць пра гэта першынец у яўрэяў на саракавы дзень пасля нараджэння павінен быў быць прынесены ў святыню ў Ерусаліме, аддадзены ў рукі святара і потым сімвалічна выкуплены. Праз гэта выражалася вера ў тое, што ўсе першародныя сыны з’яўляюцца ўласнасцю Бога. З гэтым абрадам спалучалася рытуальнае ачышчэнне маці дзіцяці і прынашэнне ахвяры. Тое самае зрабілі маці Езуса Дзева Марыя і яго апякун святы Юзаф.

Паступова ў хрысціянскім літургічным календары сталі з’яўляцца разнастайныя згадкі пра самыя важныя падзеі з жыцця Езуса. Свята Ахвяравання Пана пачалі адзначаць у IV стагоддзі ў Ерусаліме, а потым яно распаўсюдзілася на іншыя тэрыторыі. Візантыйская традыцыя называе гэтае свята “Стрэчанне” або “Ср?етение Госп?одне”, падкрэсліваючы, што ў гэтай падзеі мы адзначаем сустрэчу Старога і Новага Запаветаў, сустрэчу Хрыста са сваім народам. Іншыя назвы гэтага свята — Прынясенне ў святыню, Ачышчэнне Марыі, Прадстаўленне Пана і інш. У Беларусі часта гэтае свята называюць Грамніцы або Маці Божай Грамнічнай, бо ў гэты дзень падчас Імшы ў касцёлах асвячаюць свечкі, якія некаторыя вернікі маюць звычай запальваць у час навальніц, што суправаджаюцца моцным ветрам, маланкамі і грымотамі, каб апека Маці Божай выратавала ад небяспекі. Такія свечкі называюць грамнічнымі. Грамнічную свечку таксама даюць у рукі паміраючаму або нябожчыку, просячы пры гэтым, каб ён быў асветлены святлом Хрыста і Найсвяцейшая Дзева Марыя правяла яго душу ў неба.

Свечка — сімвал Хрыста, які прынёс святло вечнай Праўды ўсім народам. А на свята Ахвяравання Пана свечка таксама сімвалізуе Дзеву Марыю, у душы якой заўсёды гарэла святло веры, надзеі і любові.

У другім раздзеле Евангелля паводле Лукі напісана, што калі Марыя і Юзаф прынеслі Езуса ў святыню ў Ерусаліме, яны сустрэлі там праведнага чалавека па імені Сімяон, ён узяў Езуса на рукі і сказаў: “Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Валадару, паводле слова Твайго, у спакоі; бо вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё, якое падрыхтаваў Ты перад абліччам усіх народаў — святло для асвятлення язычнікаў і хвалу народа Твайго Ізраіля”. Гэтыя словы Сімяона сталі потым папулярнай малітвай, якая чытаецца ў канцы дня.

Запальваючы свечку ў гэты або іншы дзень, мы прагнем выявіць наш выбар Хрыста як адзінага святла для нашага сэрца, для нашага жыцця. На жаль, вернікі вельмі часта прывязваюцца да знешніх атрыбутаў свята, а не да іх глыбокай сутнасці.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter