Нашы продкі гукалі вясну аж да пачатку мая

Свяці-свяці, сонейка!..

Заўтра Беларускі дзяржаўны музей архітэктуры і побыту ў Азярцы прадставіць абрад “Гуканне вясны”. Тут будуць спяваць веснавыя песні, вырабляць птушак, спальваць кола на плыце… Для сучаснага чалавека такое свята не больш чым забава. Але для нашых продкаў яно мела вельмі важнае значэнне.

Фота Аляксея Сталярова
Фота Аляксея Сталярова

Заклікамі, загаворамі, песнямі імкнуліся наблізіць прыход вясны — ад гэтага шмат у чым залежыў дабрабыт селяніна. Адзначалі свята па ўсёй краіне. Але што цікава: у розных рэгіёнах — у розны час. Дзесьці “вяснянкі” пачыналі спяваць ужо напрыканцы лютага, а дзесьці — пасля Вялікадня ці перад святам Юр’я, якое адзначаецца аж у маі. У многім гэта было звязана з рознымі кліматычнымі ўмовамі. Нават назвы свят, якія мелі адну мэту — наблізіць вясну, адрозніваліся. Напрыклад, на Убарцкім Палессі адзначалі “Чырачку”, а на Пасожжы — “Луцу”. Найчасцей жа ўжывалася назва “Гуканне вясны”, звязаная з сакральна-магічнымі песнямі-заклічкамі, у якіх кожны радок завяршаўся працяглым “гу-у-у”.

Святкаваць звычайна пачыналі апоўдні. Вяскоўцы, у прыватнасці, моладзь, збіраліся разам і ішлі на самае высокае месца ў наваколлі, спяваючы па дарозе песні: “Свяці-свяці, сонейка, каб нам было цёпленька, пад хатаю седзячы, лусту хлеба дзержачы…” Узвышша выбіралі нездарма. Яно першае вызвалялася ад снегу, было больш блізкім да сонца і больш бачным для птушак, якіх клікалі з выраю, каб тыя прынеслі вясну. На “Гуканне вясны” не толькі спявалі і свісцелі ў гліняныя свісцёлкі. Раскладвалі вогнішча, у якім палілі старыя рэчы, а таксама вадзілі карагоды, гушкаліся на арэлях (лічылася, чым вышэй ляцяць арэлі, тым вышэйшыя вырастуць лён і збажына).

Цікавая традыцыя — вырабляць птушачак, якія сімвалізуюць вясну і цеплыню. У адных вёсках іх выраблялілі з саломы, у другіх — з паперы, у трэціх — з цеста.



mila@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter