Зубры прыносяць прыбытак

Вялікае перасяленне

Больш за дзве сотні лясных зуброў-волатаў прыжыліся ў СВК “Азёры” Гродзенскага раёна. З лёгкай рукі вяскоўцаў гэтая чырванакніжная жывёла становіцца роданачальнікам новых папуляцый не толькі ў Беларусі.

белта

Для мясцовых жыхароў суседства з зубрамі ўжо даўно не ў навіну, бо прама за вясковай ваколіцай пачынаюцца пашы, куды выходзіць падсілкавацца статак у цёплую пару года. Здараецца, што лясныя волаты падбіраюцца блізка да агародаў вяскоўцаў. Старшыня СВК “Азёры” Аляксандр Шышко кажа, што звер і чалавек суседнічаюць мірна:

— За два дзясяткі гадоў, як у нас прыжыліся зубры, бяды вяскоўцам яны не нарабілі. Праўда, апошнім часам папуляцыя ўдвая перавысіла норму, таму часам звяры наведваюцца на палі суседняй гаспадаркі. Прыходзіцца згладжваць інцыдэнты, “пасвіць” свой лясны статак.

Мы едзем у тыя самыя мясціны, дзе цар лесу кантактуе з чалавекам. У гаспадарцы для гэтых мэт адведзена цэлых 6 гектараў угоддзяў і столькі ж лесу. Аляксандр Мікалаевіч распавядае, што ў цёплую пару года ўбачыць незвычайны статак на пашы можна няўзброеным вокам, зімой жа — як пашанцуе. Павандраваўшы па заснежаных дарогах не адзін кіламетр, спыняемся воддаль поля, дзе расстаўлены пасткі для звера, які павінен адправіцца “на экспарт”, і адпаведна кармушкі-прынады.

Аляксандр Мікалаевіч прапануе зірнуць у бінокль. Пільна ўглядаюся ўдалячынь, але мяцеліца, якая разгулялася ў той дзень, замінае агляду. Аднак цярпенне маё ўзнагароджана, і перад вачамі паўстаюць волаты, якія паважна накіроўваюцца ў лес.

Так і ёсць: мяркуючы па спустошаных кармушках, яны да нашага візіту паспелі ўжо паласавацца і адправіцца на спачын.

— Два разы на дзень статак выходзіць з лесу на кармленне. Дарослая асобіна павінна з’ядаць за суткі мінімум 60 кілаграмаў кармоў, таму штодзень для “лясной фермы” загружаем прычэп у тры з паловай тоны кукурузным сіласам, адходамі зерня, у дадатак да іх 500 кілаграмаў сена. Песцім па магчымасці і “дэсертам” — капуснымі лістамі, яблыкамі і морквай, — распавядае галоўны спецыяліст паляўніча-рыбалоўнай гаспадаркі Аляксандр Сасімовіч.

У Азёры цяпер людзі прыязджаюць не толькі для таго, каб убачыць зуброў на ўлонні прыроды, але і здабыць ляснога волата. Заўважу, што паляванне на гэтага звера адмысловае: адной ліцэнзіі недастаткова. Ёсць нават спецыяльныя Правілы аховы і рацыянальнага выкарыстання зуброў, што дазваляюць адбракаваць жывёлу па ўзросце або калецтве і вывесці яе з Чырвонай кнігі. Ліцэнзію на паляванне выдае Міністэрства прыроды і каштуе яна 8 тысяч еўра.

Аляксандр Сасімовіч распавядае, што перш чым паляўнічы прыйдзе па свой трафей, выбракаванага прыродай зубра загадзя высочваюць, часам нават адзначаюць чырвонай фарбай. У працэсе выдачы дазволу на здабычу чырванакніжнай жывёлы задзейнічаны шматлікія інстанцыі: ад прыродаахоўных структур да Нацыянальнай акадэміі навук. Акрамя палявання з падыходу, калі сярэдняя дыстанцыя паміж здабытчыкам і зверам не менш за 300 метраў, прымяняецца засада — стралок знаходзіцца на вышцы. Але дазвол на стрэл у любым выпадку дае толькі егер. Сярод паляўнічых у асноўным расіяне, па незвычайны трафей прыязджаюць у азёрскія лясы і арабскія госці.

Працэс паляўнічых тураў выглядае так: кліент заключае дагавор на прадастаўленне паслуг. Яго пошукам звычайна займаецца тураператар. Функцыі гаспадаркі і егера — стварыць усе ўмовы для камфортнага пражывання гасцей і дапамагчы з афармленнем трафеяў.

Волат лесу, найбуйнейшае наземнае млекакормячае Палеарктыкі, зубр да нядаўняга часу лічыўся глабальна пагражальным відам. Людзі спачатку практычна цалкам знішчылі ўладара пушчаў, затым аднавілі і пачалі рассяленне.

У 1997 годзе пад Азёры з Белавежскай пушчы завезлі першыя 18 асобін. З тых часоў папуляцыя вырасла больш чым у дзесяць разоў і з’яўляецца другой па колькасці пасля белавежскай. Дарэчы, плошча паляўнічай гаспадаркі разлічана на сотню асобін. Нядзіўна, што цяперашні статак, які значна разросся, вымушаны шукаць новыя тэрыторыі, а яго гаспадары — магчымасці для рацыянальнага пасялення звера.

— Азёрская папуляцыя — адна з самых хуткарослых. Гэта сведчыць пра тое, што зубрам тут камфортна і ў іх добрае здароўе. А здаровая папуляцыя дае здаровае патомства, таму невыпадкова да нас едуць пакупнікі не толькі з Беларусі, але і з замежжа, — працягвае гаворку Аляксандр Шышко.

Азёрскія зубры спачатку прыжыліся на Віцебшчыне ў паляўнічай гаспадарцы “Чырвоны бор”, там іх жыве ўжо каля сотні.

А нядаўна адкрыліся новыя перспектывы: з дня на дзень у Нацыянальны парк “Смаленскае Паазер’е” адправіцца пяць асобін.

Каб злавіць 700-кілаграмовую самку для расійскага запаведніка, у гаспадарцы зрабілі вальер у некалькі тысяч гектараў і паставілі драўляныя пасткі, куды звера павінен прывабліваць корм, распавядае Аляксандр Шышко:

— Пры адлове і перавозцы вельмі важна не нашкодзіць. Таму і не ўжываем медыцынскія прэпараты, уводзіць якія занадта рызыкоўна. Каб моцны звер не разнёс на трэскі драўляную пастку, яна спецыяльна падагнана пад яго памеры — тут ён не развернецца ва ўсю моц. Такім жа чынам устроены і кантэйнеры для перавозкі.

— Колькі ж паляўнічых на зубра прыняла гаспадарка ў мінулым годзе? Ці можа такая незвычайная “ферма” сёння прыносіць прыбытак? — цікаўлюся ў старшыні СВК.

— У мінулым годзе здабылі 10 зуброў, два дзясяткі прадалі ў Віцебскую вобласць па цане 5,5 тысячы еўра за галаву. Так што выручка ў разы перавысіла затраты на ўтрыманне паляўнічай гаспадаркі. Нягледзячы на тое, што гэта не асноўны від дзейнасці нашага СВК, ён для нас выгадны, — падсумоўвае Аляксандр Шышко.

Услед за расіянамі азёрскімі зубрамі зацікавіліся азербайджанцы. Зараз вядуцца перамовы і высвятляюцца ўсе мытныя і юрыдычныя нюансы.

У ТЭМУ

Вынікі зімовага падліку дзікіх жывёл сведчаць пра павелічэнне колькасці папуляцыі зубра і ў Белавежскай пушчы. Паводле папярэдніх звестак, колькасць зуброў у гэтым годзе ў параўнанні з мінулым ужо ўзрасла з 480 да 510 асобін. У розных статках зарэгістравана ў агульнай колькасці больш за 50 цялят.

Летась споўнілася 70 гадоў з пачатку работы па аднаўленні ў нас чыстакроўных зуброў. Першыя тры самцы і дзве самкі каўказска-белавежскага паходжання былі завезены на беларускую тэрыторыю 18 ліпеня 1946 года. Праз тры гады з польскага боку атрымалі яшчэ 5 зуброў чыста белавежскай лініі. Гэта спрыяла павелічэнню жыццястойкасці жывёл і дало магчымасць прадухіліць блізкароднаснае скрыжаванне. Матачнае пагалоўе зубрынага статка Белавежскай пушчы стала асновай для стварэння новых мікрапапуляцый зубра ў Беларусі і за яе межамі. Усяго за сямідзесяцігадовы перыяд з пушчы было вывезена 270 жывёл, у тым ліку ў Расію, Казахстан, Украіну, Польшчу, Чэхаславакію, Латвію.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter