Ксёндз Кирилл Бардонов: Великий пост — время тишины и благих дел

Вялікі пост – сам-насам з Богам

На мінулым тыдні ў сераду ў католікаў распачаўся Вялікі пост. Для католікаў і праваслаўных ён з’яўляецца часам падрыхтоўкі да свята Вялікадня (Пасхі). Гэтыя дзве хрысціянскія канфесіі маюць падобнае разуменне названага перыяду, таму для многіх будзе карысна крыху паразважаць над значэннем посту перад Вялікаднем.

Евангельскія тэксты апісваюць, як Хрыстос часам аддаляўся ад людскіх натоўпаў, каб памаліцца і захоўваць пост. Ён не проста сыходзіў у ізаляцыю ад мітусні, а выбіраў спецыяльнае месца для гэтага — пустыню. У Ізраілі вельмі лёгка было знайсці пустыню, дзе нічога не адцягвала б увагу.

Ян (Іаан) Хрысціцель, прадвеснік місіі Хрыста, таксама выкарыстоўваў геаграфію Ізраіля ў сваёй пропаведзі. Ён прапаведаваў у даліне ракі Іардан, напоўненай разнастайнай флорай і фаўнай. Аднак дастаткова было зрабіць літаральна некалькі крокаў ад ракі Іардан, і жывапісаны краявід змяняўся мёртвымі пустыннымі пейзажамі. Такім чынам, паслядоўнікі Яна Хрысціцеля, якія хацелі змяніць сваё жыццё, ішлі з пустынных тэрыторый да ракі, дзе нават сам пейзаж быў ілюстрацыяй іх духоўнай перамены: яны ішлі ад пустыні граху да жыцця з Богам.

Што можа для сучаснага чалавека стаць пустыняй, у якой ён застанецца сам-насам з Богам? Гэта Вялікі пост. Айцы Касцёла (Царквы) падкрэслівалі, што выйсці ў пустыню Вялікага посту было вялікім прывілеем. У сучаснасці мы часта баімся цішыні, бо яна з’яўляецца для нас інфармацыйнай пустыняй, паказвае нам, хто мы ёсць па-сапраўднаму. Вялікі пост — гэта якраз час цішыні, разважанняў, малітвы. Кожны, хто мудра выкарыстоўвае час Вялікага посту, становіцца асобай, якая верная запаветам Хрыста, яго сапраўдным вучнем.

З глыбокай старажытнасці Айцы Касцёла (Царквы) прапаноўвалі ў Вялікім посце кожнаму хрысціяніну звярнуць увагу на тры галоўныя хрысціянскія дзеянні: пост, малітву і міласціну. Міласціна — гэта дапамога патрабуючым. Кожны раз, калі мы дапамагаем людзям у патрэбе, мы выходзім з дэструктыўнай самаізаляцыі. Кожны чалавек мае, чым дапамагчы іншаму, бо беднасць можа быць не толькі матэрыяльнай, але і духоўнай, эмацыянальнай ці інтэлектуальнай. Вялікі пост без добрых учынкаў — гэта штосьці мёртвае. Таму давайце гэты пост зробім прыкладам жывой дапамогі нашым братам і сёстрам.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter