В столичных маршрутках уже можно расплатиться с помощью смартфона

З тэлефонам павязе!

«Перадайце, калi ласка, за праезд» — фраза, што немiнуча наганяе ўсiх пасажыраў маршруткi, якiя занялi месцы каля вадзiцеля. Спакойная паездка гэтым «шчаслiўчыкам» была заказана: аж да выхаду яны выконвалi функцыю бiлецёраў. Але сучасныя тэхналогii мяняюць i гэтую сферу: некаторыя сталiчныя перавозчыкi ўкаранiлi сэрвiс па аплаце праезду з дапамогай QR-кода i дадатку на тэлефоне. Карэспандэнт «Р» пратэсцiравала, як працуе навiнка.

Вадзіцелі і пасажыры паступова прывыкаюць да новага сэрвісу.

Рыхтуемся да паездкi загадзя

Каб сутаргава не разбiрацца са спосабам аплаты непасрэдна ў маршрутцы, вывучаю яго загадзя. Для пачатку спампоўваю ў Play Market (доступ у App Store таксама ёсць) дадатак «Оплати» — працэс займае лiтаральна 30 секунд. Далей дзейнiчаем па iнструкцыi. «Для стварэння электроннага кашалька неабходныя вашы пашпартныя даныя» — апавяшчае мяне дадатак i просiць увесцi 14 знакаў iдэнтыфiкацыйнага нумара пашпарта. Затым на мабiльны прыходзiць СМС з кодам па­цвярджэння, i адкрываецца новае акенца — просяць прыдумаць пароль. «Яшчэ крыху, i мы завершым!» — абяцае паведамленне, якое паяўляецца раптам. Цiкава, як распрацоўшчыкi здагадалiся, што я ўжо прытамiлася ўводзiць свае даныя?

На аплату праезду праз QR-код сышло колькі секунд.

Усё атрымалася з першага разу — дадатак перакiдвае мяне на галоўную старонку, дзе ў вочы кiдаецца выдзеленая тлустым лiчба «0 рублёў». Як жа папоўнiць баланс? Гэта яшчэ адзiн займальны квэст: уводжу нумар банкаўскай карты, тэрмiн дзеяння, CV-код i сваё iмя, а таксама суму, якую хачу залiчыць на рахунак дадатку. Загадзя ведаю, што паездка ў маршрутцы каштуе 2 рублi — на столькi i папаўняю вiртуальны кашалёк. Iмгненне — i грошы на рахунку: я гатовая падарожнiчаць!


Тэхналогii ў справе

Падыходжу да стаянкi маршрутак насупраць Камароўскага рынку i ўжо здалёк шукаю вачыма машыну № 1077 са спецыяльнай наклейкай на борце. Пашанцавала: патрэбнае аўто якраз збiрае пасажыраў. Застацца незаўважанай не атрымлiваецца: некалькi пажылых жанчын зацiкаўлена сочаць за маiмi манiпуляцыямi з тэлефонам, а адна з iх нават просiць усталяваць ёй дадатак. Выканаўшы свой грамадзянскi абавязак (гэта амаль як перавесцi бабулю праз вулiцу), наводжу свой смартфон на плакат з QR-кодам. Сканер спрацоўвае маментальна: нацiскаю на кнопку «Оплатить», з рахунку спiсваецца 2 рублi, а я атрымлiваю свой электронны чэк з датай, часам пакупкi i маршрутам. Проста зараз магу паказаць яго вадзiцелю, але ў гэтым няма неабходнасцi:

— У мяне ёсць смартфон з дадаткам: уваходжу пад лагiнам «Контролёр» i бачу колькасць пасажыраў, якiя аплацiлi праезд на кожным канкрэтным прыпынку. А яшчэ дадатак адлюстроўвае статыстыку за ўсю рабочую змену або за адзiн рэйс, — кажа вадзiцель Сяргей. — Працаваць так пакуль вельмi нязвыкла: за сёння праз дадатак паездку аплацiлi толькi некалькi маладых рабят. Людзi ва ўзросце на гэтыя коды нават не звяртаюць увагi: iм больш камфортна па-старому, наяўнымi. Добра, што так разлiчвацца таксама можна. Думаю, людзi пачытаюць, паглыбяцца i будуць выкарыстоўваць новы сэрвiс.



КАМПЕТЭНТНА

Андрэй Iларыёнаў, намеснiк дырэктара ДУ «Сталiчны транспарт i сувязь»:

— Яшчэ ў красавiку мы правялi вiдэаканферэнцыю з перавозчыкамi, дзе абмяркоўвалi, што i як можам мадэрнiзаваць. Выступiлi з iнiцыятывай развiваць маршрутны транспарт — адзiн з перавозчыкаў яе падтрымаў. Дамовiўся з банкам, распрацоўшчыкамi i зрабiў гэты сэрвiс. Пазаўчора разам з прадстаўнiкамi Мінгарвыканкама я асабiста яго тэсцiраваў: усё працуе. У першы дзень навацыю выкарыстоўвалi толькi на адной машыне, а з учарашняга дня — на дзесяцi машынах па маршруце № 1077 (Сухарава-6 — Камароўскi рынак). Вадзiцель сказаў, што яму так зручней: не трэба грошы лiчыць. Ды i на бяспеку гэта ўплывае — ён больш не адцягваецца, каб знайсцi патрэбную суму. Падобны сэрвiс распрацаваў яшчэ адзiн наш перавозчык: яго ўжо пратэсцiравалi i ўкаранiлi на маршруце № 1547 (Калодзiшчы — Каржанеўскага).

glushko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter