Немецкие каратели творили в белорусских деревнях террор и геноцид беззащитных жителей

Жывы сярод забітых

Вясной 1943 года ў Лагойскім, Барысаўскім, Плешчаніцкім і Смалявіцкім раёнах гітлераўцы праводзілі буйную і жорсткую карную аперацыю «Манылы» ў адносінах да мірнага насельніцтва. З вялікай сям'і Чыжыкаў з вёскі Хаценава Смалявіцкага раёна выратаваўся толькі старэйшы сын Мікалай Чыжык, на той момант падлетак. Вось што ён праз гады ўспамінаў:


«Наша вёска галасіла і крычала, усюды чулася страляніна. Пасля таго як выскачыў з дома, зашыўся ў густую траву. Не ведаў, што карнікі б'юць па ўсіх людзях у Хаценава. Думаў, што стралялі толькі па нас, Чыжыках, за сувязь з партызанамі: нейкі паганец выдаў немцам, што двое нашых сваякоў у партызанах. Але білі па ўсім.

Разумею, што карнікі могуць мяне заўважыць, і паўзком прабіраюся ў хату суседзяў Шымановічаў. Гаспадыня перапалохалася, кажа: «Зараз немцы сюды прыйдуць, бяжы, можа, выратуешся». Праз хвіліну бачу: ад нашай хаты ідуць тыя самыя два карнікі, якія пабілі маю сям'ю. Яшчэ момант — і яны ўжо адчынілі дзверы, гракочуць у сенцах. Я — шмыг за шафу. І тут жа раздаліся стрэлы. Калі сціхла, асцярожна вылез і бачу: на падлозе ў лужы крыві ляжалі гаспадыня і яе сын.

Страшна ўявіць сітуацыю, у якой тады апынуўся. Толькі што ўцёк з роднай хаты, дзе ўсіх пабілі, а тут і ў Шымановічаў я адзін сярод забітых. Пачуўшы, што карнікі вярнуліся, я зноў схаваўся. Немцы злосна перагаворваліся, шнарылі па ўсіх кутках, адчынілі шафу. Добра, што не хаваўся туды, а стаў за ёй, прыкрыўся рознымі лахманамі. Мяне не заўважылі.


Адначасова чую на вуліцы крык, плач — карнікі ў адно месца сагналі дзяцей і жанчын. Я выйшаў з-за шафы і да акна. На вуліцы многа людзей, немцы адных сагналі ў натоўп, другіх сабралі ў баку. Што яны задумалі? З хаты выйсці не мог, схаваўся ў падпечку. Вырашыў сядзець да вечара, можа, тады змагу непрыкметна выбрацца з хаты і ўцячы.

Нават не заўважыў, як заснуў. Прачнуўся ад нейкага трэску, пахла дымам. Выпаўз да акна — усе хаты ў вёсцы апалены агнём. І там, дзе я, у сенцах трашчыць полымя, прабіваецца да мяне. Не раздумваючы выскокваю праз акно. На двары ўсюды дым. Куды бегчы, каб не заўважылі карнікі? Ага, перада мною калодзеж «журавель». Падскокваю — і пералятаю ў сад. Агонь ахапіў усю хату Шымановічаў, добра, што паспеў адтуль выскачыць.

Імгненна сцяміў, што рабіць далей. Толькі б не трапіць на вочы немцам, а яны ж усюды, паляць вёску. Хай, думаю, мне дапаможа дым. З разбегу падаю на зямлю ў густы дым, які месцамі ажно клубіцца. Прабіраюся дзе паўзком, дзе сагнуўшыся на край сядзібы. Там балота. Хутчэй бы да яго, тады ніякія карнікі мне не страшныя».

З вогненнага палону вырваўся Колька Чыжык. Не ведаў ён тады, якую дзікую расправу над безабароннымі жыхарамі Хаценава ўчынілі фашысты і іх памагатыя. Выратавацца было немагчыма: вёску акружылі, у хатах адных расстрэльвалі на месцы, другіх выводзілі на двор, маладых адбіралі для прымусовых работ у Германіі. Усе пабудовы ў Хаценава былі знішчаны, расстраляна 177 жыхароў.

Мемарыял у вёсцы Сухі Востраў.
У Хаценава былі расстраляны 177 жыхароў.
Гэта злачынства адбылося 8 красавіка 1943 года. На другі дзень у Крывой Паляне Смалявіцкага раёна расстралялі каля 20 чалавек. Сярод іх — Пятра Навумовіча з жонкай і чатырма дзецьмі, Паўла Рабецкага з жонкай і чатырма дзецьмі, Паўла Шабана з жонкай і малым. Вёску спалілі.

На жыхароў Сухога Вострава карнікі таксама пайшлі з аблавай. Каля 50 жанчын, дзяцей, старых сагналі ў дом Антона Храловіча, зачынілі дзверы і падпалілі.

Што датычыцца выратавання Колькі Чыжыка, дык не было ў гэтым ніякага цуду: вельмі кемлівым ён рос. Апроч таго пры акупацыі падлеткі рана станавіліся дарослымі. Кажу так, бо сам дзіця вайны.

Міхаіл ШЫМАНСКІ.

Фота з архіва.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter